Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крытыка́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крытыкана, уласцівы яму. Крытыканская прыдзірлівасць.

крытыка́нства, ‑а, н.

Неадабр. Прыдзірлівая, неабгрунтаваная, звычайна павярхоўная крытыка.

крытыка́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Неадабр. Быць крытыканам, займацца крытыканствам. — [Алесь] затаіў у вушы крыўду, крытыканствуе. Іменна крытыканствуе, бо крытыка — справа прынцыповая. Шыцік.

крытыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Трохі, злёгку пакрытыкаваць. — Крытыкнём каго; калі што не так, пахвалім за добрае. Васілевіч. — Вось... начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Каршукоў.

крытыцы́зм, ‑у, м.

Кніжн. Крытычныя адносіны да чаго‑н. Адносіны Купалы да літаратурнай спадчыны Дуніна-Марцінкевіча прасякнуты духам крытыцызму. Івашын.

крыты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крытычнага. Крытычнасць моманту.

крыты́чны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе крытыку (у 1, 3 знач.), з’яўляецца крытыкай. Крытычныя заўвагі. Крытычны артыкул. Крытычная літаратура.

2. Здольны крытычна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Крытычны розум. □ У гэтым абуджэнні крытычна[й] думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.

•••

Крытычны апарат гл. апарат.

Крытычны рэалізм гл. рэалізм.

крыты́чны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане крызісу; пераломны. Крытычны момант хваробы. □ Той ўзрост, калі мінула трыццаць і такія грукаюць гады, што сталым хоць і не час лічыцца, ды назвацца нельга маладым, — той ўзрост крытычны, ў тым узросце ў сябе пытаюцца часцей: ці зрабіў, што мог бы ў маладосці, і якім імкненнем жыць далей? Русецкі.

2. Вельмі цяжкі, небяспечны. Крытычнае становішча. □ Партызанская зухаватасць, якая ў крытычны момант ратавала не аднаго партызана, памагла і тут. Карпюк.

•••

Крытычная тэмпература гл. тэмпература.

Крытычны стан рэчыва гл. стан.

крытэ́рый, ‑я, м.

Прызнак, на аснове якога праводзіцца ацэнка, азначэнне або класіфікацыя чаго‑н.; мерка. Пытанне аб сутнасці і назначэнні мастацтва служыць у класавым грамадстве крытэрыем падзелу мастакоў на два лагеры. У. Калеснік. Мастацкая літаратура служыць крытэрыем, на які прыходзіцца раўняцца пры адборы ў літаратурную мову розных моўных выяўленчых сродкаў. Шакун.

•••

Крытэрый ісціны (кніжн.) — мерка для вызначэння правільнасці, дакладнасці нашых ведаў, адпаведнасці нашых адчуванняў, уяўленняў, паняццяў аб’ектыўнай рэальнасці.

[Ад грэч. kritērion — сродак для суджэння, рашэння.]

кры́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго‑н., якія абражаюць, засмучаюць. — А за што на мяне хто будзе злосць мець? Мне здаецца, я нікому ніколі ніякай крыўды не зрабіў. Чорны. Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка. // Пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі. Горкая крыўда падступіла да сэрца: усё пайшло на вецер. Шкраба.

•••

Быць у крыўдзе на каго гл. быць.

Кроўная крыўда — цяжкая знявага, якая глыбока кранае чалавека.

Не дацца ў крыўду каму гл. дацца.

Не даць (не папусціць) у крыўду каго гл. даць.

Не ў крыўду хай будзе сказана гл. быць.

крыўдава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

Мець крыўду на каго‑н.; крыўдзіцца. — Ты пытаешся пра дзяцей і напэўна крыўдуеш, чаму я не разбуджу іх... Васілевіч. Байцы трошкі крыўдавалі на .. залішнюю строгасць [Карпенкі]. Быкаў.