Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кручо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.

2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.

3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.

4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.

5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.

6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.

кру́чча, ‑а, н., зб.

Крукі. Абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. Лынькоў.

кручэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. круціць (у 1, 3, 5 і 9 знач.) і круціцца (у 1, 3 знач.). Кручэнне пражы.

кру́шня, ‑і, ж.

Абл. Куча камення. Яшчэ ў дзяцінстве .. [Лабановіч] любіў сядзець на кучы камення ў полі (гэта куча называлася крушня), слухаць і пазіраць, што адбываецца навокал. Колас.

крушо́н, ‑у, м.

Асвяжальны фруктовы напітак.

[Ад фр. cruchon — маленькі гарлач.]

крушы́на, ‑ы, ж.

Невялікае лісцевае дрэва або куст сямейства крушынавых, з кары якога вырабляюць слабіцельную настойку, а з ягад — фарбу.

крушы́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крушыны. Крушынавы куст.

2. у знач. наз. крушы́навыя, ‑ых. Сямейства кустоў і дрэў, да якога адносяцца крушына, дзяржыдрэва і інш.

крушы́ннік, ‑у, м.

Дрэвы, кусты крушыны; зараснік крушыны. Урэшце прадраліся на квартальную лінію, напаўзарослую крушыннікам і малінаю. Масарэнка. Крушыннік згусціўся над самаю ручаінаю. Чорны.

крушы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і крушынавы. Крушынныя зараснікі.

крушэ́нне, ‑я, н.

1. Няшчасны выпадак, катастрофа з поездам у дарозе. Крушэнне цягніка. Пацярпець крушэнне. // Гібель судна. Крушэнне парахода.

2. перан.; чаго. Гібель, крах. Крушэнне каланіяльнай сістэмы. Крушэнне надзей.