Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жыццё, ‑я, н.

1. Асобая форма руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця і прадстаўлена вялікай колькасцю асобных арганізмаў. Узнікненне жыцця на Зямлі.

2. Фізіялагічны стан усяго жывога ад зараджэння да смерці. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Чалавеку жыццё раз даецца. Чорны. // Функцыяніраванне арганізма, звязанае з яго ўзнікненнем, развіццём і разбурэннем. Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Шамякін.

3. Паўната праяўлення фізічных і духоўных сіл; душэўны ўздым, натхненне. І гучыць яно [роднае слова] ў полі і ў кузні, За рулём і ў рабочым страі — Скрозь, дзе нашы гарачыя будні, Дзе жыццё на пярэднім краі. Гілевіч. Ты вольным стаў, наш край, цяпер, К жыццю Кастрычнікам прызваны. Колас.

4. Час існавання каго‑н.; век. Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі,.. [маці] трымала мазалямі да мазалёў. Брыль. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прыказка. // якое або дзе. Перыяд у існаванні каго‑н., абмежаваны рамкамі прабывання дзе‑н. Партызанскае жыццё. □ Доктар усё жыццё змагаўся за ўзорную чысціню ў сялянскіх хатах. Шамякін. // Сукупнасць усяго перажытага і зробленага чалавекам. Апанасу ўспомнілася ва ўсіх драбніцах яго жыццё. Кавалёў.

5. таксама мн. (жы́цці, ‑яў). Пра жывую істоту як носьбіта жыцця. Тыдні заступалі і адыходзілі, а хвароба трымала ў агідных кіпцюрах маладое жыццё. Мурашка.

6. Умовы і спосаб існавання каго‑н.; быт. Савецкі лад жыцця. Заможнае жыццё. Сямейнае жыццё. □ [Сяляне] па-новаму працавалі і будавалі сваё жыццё. Залескі.

7. чаго або якое. Існаванне ў развіцці, у руху (пра народ, дзяржаву, установу і пад.). Літаратурнае жыццё. Мірнае жыццё краіны. / Аб прыродзе, неарганічным свеце, фізічных целах і пад. Жыццё зямлі. Жыццё акіяна. Жыццё лесу.

8. Навакольная рэчаіснасць; быццё. Сувязь навукі з жыццём. □ І вось перамянілася жыццё, перамяніўся і погляд на яго, на рэчы, на самую прыроду. Чарнышэвіч. Строгай мяжы паміж летуценнем і сапраўдным жыццём панна Ядвіга не ведае. Бядуля.

9. Рух, ажыўленне, якія ўтвараюцца жывымі істотамі. Злева чулася гаманлівае жыццё галоўнай вуліцы. Шыцік.

•••

Корань жыцця гл. корань.

Аддаць жыццё за каго-што гл. аддаць.

Выклікаць да жыцця гл. выклікаць.

Дараваць жыццё каму гл. дараваць.

Даць жыццё каму гл. даць.

Жыццё-быццё — тое, што і жыццё (у 6 знач.).

Загубіць жыццё гл. загубіць.

Кончыць жыццё гл. кончыць.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды.

Не даваць жыцця каму гл. даваць.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця, самым рашучым чынам.

Паміж (між) жыццём і смерцю — у вельмі небяспечным для жыцця становішчы.

Паплаціцца жыццём гл. паплаціцца.

Пуцёўка ў жыццё гл. пуцёўка.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

У жыцці не... — ніколі.

жыццёвасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць усяго жывога падтрымліваць сваё існаванне, прыстасоўвацца да асяроддзя. Жыццёвасць арганізма. Жыццёвасць раслінных форм.

2. перан. Здольнасць існаваць і развівацца. Жыццёвасць калгаснага ладу.

3. Адпаведнасць рэчаіснасці, сувязь з жыццём. Жыццёвасць літаратурных вобразаў. Жыццёвасць планаў.

жыццёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жыцця, звязаны з жыццём (у 2, 4 і 6 знач.). Жыццёвыя працэсы. Жыццёвы шлях. Жыццёвы ўзровень.

2. Важны, істотны для жыцця, неабходны для грамадства. Жыццёвыя цэнтры краіны. Жыццёвыя інтарэсы.

3. Які адпавядае рэчаіснасці, узяты з жыцця; праўдападобны. Жыццёвы вобраз. Жыццёвая сітуацыя.

жыцця... (гл. жыцце...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўжываецца замест «жыцце...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: жыццядзейны, жыццяздольны, жыццялюб.

жыццядзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць жыццёвых функцый арганізма.

2. перан. Дзейнасць, функцыяніраванне чаго‑н. Жыццядзейнасць чалавечага грамадства.

жыццядзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны выконваць жыццёвыя функцыі. Жыццядзейныя органы.

2. перан. Дзейны, энергічны, рухавы. Жыццядзейны чалавек.

жыццяздо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жыццяздольнага. Жыццяздольнасць арганізма. □ К. Чорны добра разумеў, што ў любві да Радзімы, у жыватворным савецкім патрыятызме — адна з важнейшых крыніц жыццяздольнасці і непераможнасці нашай краіны. Кудраўцаў.

жыццяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны падтрымліваць і захоўваць жыццё (у 2 знач.).

2. перан. Здольны існаваць і развівацца; прыстасаваны да жыцця (у 7 знач.). Жыццяздольны калектыў. Жыццяздольныя расліны.

жыццялю́б, ‑а, м.

Той, хто любіць жыццё. Я не мог сабе ўявіць, што гэты чалавек — такі жыццялюб, такі вечна бадзёры, можа памерці. Шамякін.

жыццялю́бства, ‑а, н.

Любоў да жыцця. Нас цікавіць жыццялюбства Васіля, спакойнае ўзважванне ўсіх танцаў на выратаванне, а потым дзеянні, па-салдацку імклівыя і беспамылковыя. Кучар.