жыццё, ‑я, н.

1. Асобая форма руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця і прадстаўлена вялікай колькасцю асобных арганізмаў. Узнікненне жыцця на Зямлі.

2. Фізіялагічны стан усяго жывога ад зараджэння да смерці. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Чалавеку жыццё раз даецца. Чорны. // Функцыяніраванне арганізма, звязанае з яго ўзнікненнем, развіццём і разбурэннем. Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Шамякін.

3. Паўната праяўлення фізічных і духоўных сіл; душэўны ўздым, натхненне. І гучыць яно [роднае слова] ў полі і ў кузні, За рулём і ў рабочым страі — Скрозь, дзе нашы гарачыя будні, Дзе жыццё на пярэднім краі. Гілевіч. Ты вольным стаў, наш край, цяпер, К жыццю Кастрычнікам прызваны. Колас.

4. Час існавання каго‑н.; век. Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі,.. [маці] трымала мазалямі да мазалёў. Брыль. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прыказка. // якое або дзе. Перыяд у існаванні каго‑н., абмежаваны рамкамі прабывання дзе‑н. Партызанскае жыццё. ▪ Доктар усё жыццё змагаўся за ўзорную чысціню ў сялянскіх хатах. Шамякін. // Сукупнасць усяго перажытага і зробленага чалавекам. Апанасу ўспомнілася ва ўсіх драбніцах яго жыццё. Кавалёў.

5. таксама мн. (жыцці, ‑яў). Пра жывую істоту як носьбіта жыцця. Тыдні заступалі і адыходзілі, а хвароба трымала ў агідных кіпцюрах маладое жыццё. Мурашка.

6. Умовы і спосаб існавання каго‑н.; быт. Савецкі лад жыцця. Заможнае жыццё. Сямейнае жыццё. ▪ [Сяляне] па-новаму працавалі і будавалі сваё жыццё. Залескі.

7. чаго або якое. Існаванне ў развіцці, у руху (пра народ, дзяржаву, установу і пад.). Літаратурнае жыццё. Мірнае жыццё краіны. / Аб прыродзе, неарганічным свеце, фізічных целах і пад. Жыццё зямлі. Жыццё акіяна. Жыццё лесу.

8. Навакольная рэчаіснасць; быццё. Сувязь навукі з жыццём. ▪ І вось перамянілася жыццё, перамяніўся і погляд на яго, на рэчы, на самую прыроду. Чарнышэвіч. Строгай мяжы паміж летуценнем і сапраўдным жыццём панна Ядвіга не ведае. Бядуля.

9. Рух, ажыўленне, якія ўтвараюцца жывымі істотамі. Злева чулася гаманлівае жыццё галоўнай вуліцы. Шыцік.

•••

Корань жыцця гл. корань.

Аддаць жыццё за каго-што гл. аддаць.

Выклікаць да жыцця гл. выклікаць.

Дараваць жыццё каму гл. дараваць.

Даць жыццё каму гл. даць.

Жыццё-быццё — тое, што і жыццё (у 6 знач.).

Загубіць жыццё гл. загубіць.

Кончыць жыццё гл. кончыць.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды.

Не даваць жыцця каму гл. даваць.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця, самым рашучым чынам.

Паміж (між) жыццём і смерцю — у вельмі небяспечным для жыцця становішчы.

Паплаціцца жыццём гл. паплаціцца.

Пуцёўка ў жыццё гл. пуцёўка.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

У жыцці не... — ніколі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)