Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жыўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. жывіць, жывіцца.

жы́ўнасць, ‑і, ж., зб.

Разм. Жывыя істоты, часцей дробныя. Усякая жыўнасць у балоце варушыцца. Лынькоў. Корміцца галавень самай разнастайнай і, як правіла, прыдоннай жыўнасцю: дробнымі чарвякамі, ракападобнымі, слімакамі і малюскамі. Матрунёнак. // Дробная свойская жывёла. У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.

жыўцо́м, прысл.

Разм.

1. У жывым стане, жывым. [У Палазка] мільгнула думка ўзяць другога фашыста жыўцом. Колас.

2. Гвалтоўна, жывасілам. Расце ў садзе маладое дрэўца. Дужэе, глыбей пускае карэнне.. І вось яго намерваюцца вырваць жыўцом і перасадзіць у іншае месца. Гроднеў.

3. Так як ёсць, не змяняючы, даслоўна. Фальклорная паэтыка існавала для Максіма Багдановіча не дзеля таго, каб жыўцом браць з яе гатовыя вобразы, тропы, інтанацыі і формы. Майхровіч. [К. Чорны] ніколі не пераносіў жыўцом, у сырым выглядзе ў раман бачанае. С. Александровіч.

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) гл. з’есці.

жыўцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ж.

Разм. Вуда, якой ловяць на жыўца. Мікола праз кожныя паўгадзіны бегаў на раку правяраць жыўцоўкі, а Раман падкідаў сухое ламачча ў агонь і ладзіў снасці. Ляўданскі.

жы́ўчык, ‑а, м.

1. Разм. Прыкметнае біццё артэрыі (пераважна на скроні); нервовае торганне павека. [Верхаводка:] І наогул, давай пра жонку не будзем. А то ў мяне ажно жыўчык пад вокам пачаў дрыжаць. Вось, бачыш? Губарэвіч.

2. Мужчынская палавая клетка; сперматазоід.