жы́та, ‑а, М жыце, н.
1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.
2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.
3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
жы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Разм. Умовы жыцця; быт. За апошнія гады ў Церахах такая жытка настала, што ўсяго даюць на працадні, адно — жыві сабе прыпяваючы, ні аб якой бядзе не дбаючы. Сабаленка.
жытло́, ‑а, н.
Абл. Жыллё. [Няваду] здзівіла цішыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакінулі сваё жытло. Чорны. У хаце пахла аўчынамі, шкуркамі, свежым хлебам і ўсім тым, чым пахне звычайнае чалавечае жытло. Лынькоў.
жытнёвы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і жытні (у 1 знач.). А там, у жытнёвым полі, працяглыя мілагучныя жніўныя песні ўпляталіся ў рокат, у гул машынных матораў. Бялевіч. Я ў гэту ноч ліпнёвую Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкаю жытнёваю, Зямлёю беларускаю. Гілевіч.
жы́тні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да жыта. Жытняе поле. □ Агнём вясёлак ззяюць росы У моры жытніх каласоў. Колас.
2. Прыгатаваны з жыта або прадуктаў яго апрацоўкі. Жытняя мука. Жытні хлеб.
жы́тнік, ‑у, м.
Абл. Хлеб, прыгатаваны з жытняй мукі. Наўрад ці ёсць што на свеце смачнейшае за свежы жытнік! Савіцкі.
жы́тніца, ‑ы, ж.
1. Уст. Памяшканне для захоўвання збожжа; свіран.
2. перан. Хлебародная вобласць краіны, якая забяспечвае хлебам іншыя мясцовасці. Украіна — жытніца СССР.
3. Разм. Жытняя салома. Волька па-мужчынску падхоплівала .. [віламі] жытніцу і кідала яе ў тарпу. Васілевіч.
жы́тнішча, ‑а, н.
1. Поле, з якога сабралі жыта або на якім папярэдняй культурай было жыта. — Дзе-нідзе [жыта] прыйдзецца па жытнішчы сеяць, каб усё ў адным кавалку было. Шахавец.
2. Іржышча на жытнім полі. Зямля паблісквала вузкімі паскамі вады ў разорах ды шчацінілася леташнім жытнішчам. Галавач.
жытны́, ‑ая, ‑ое.
1. Тое, што і жытні. Жытная салома.
2. у знач. наз. жытно́е, ‑ога, н. Жытняе поле. Не ўпершыню сёння наша жытное За небакрай разлілося... Шэпча, трывожыцца, нібы жывое, Перада мною калоссе. М. Арочка. Палявая сцяжына ў жытное вядзе. А. Вольскі.
жытня́к, ‑у, м.
Шматгадовая кармавая травяністая расліна сямейства злакавых.