жаніхо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы жаніху, жаніхам. Жаніхоўскі выгляд.
жаніхо́ўства, ‑а, н.
Разм. Знаходжанне ў становішчы жаніха. Хрупак сабраўся быў другі раз жаніцца і адзін час хадзіў у кавалерах, але неяк за паўгода пастарэў і забыўся пра жаніхоўства. Чыгрынаў.
жані́цца, жанюся, жэнішся, жаніцца; незак.
Браць жонку, станавіцца жанатым, сямейным. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны. // з кім. Разм. Вянчацца, уступаць у шлюб. Мартын і не думаў жаніцца з .. [Аўгінняй] і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Колас. // Спраўляць вяселле. Жэняцца — скачуць, разводзяцца — плачуць. Прыказка.
жані́ць, жаню, жэніш, жэніць; заг. жані; незак., каго, з кім і без дап.
Шлюбам злучаць у пару для сямейнага жыцця, рабіць жанатым (пра мужчыну). — Ці не думаеш, бабка, ты жаніць мяне? — Самі, панічок, жаніцеся... Колас. Сусед Ануфрэй жэніць свайго старэйшага сына. Бядуля.
жані́цьба, ‑ы, ж.
Уступленне мужчыны ў шлюб, шлюбны саюз мужчыны з жанчынай. З той пары, як грукнула мне трыццаць Я спакою не знайду ніяк: Спаць прылягу — пра жаніцьбу сніцца, Страшным стала слова халасцяк. Непачаловіч.
жанкі́, ‑нок; адз. няма.
Разм. Жанчыны. Жанкі з дзецьмі на руках накіроўваліся да дзіцячых ясляў. Хадкевіч. Хай у нашых жанок, хай у нашых дачок рукі будуць такія, як матчыны рукі. А. Вольскі.
жано́цкасць, ‑і, ж.
Сукупнасць рыс і якасцей, якія ўласцівы жанчыне; пяшчотнасць, ласкавасць, прывабнасць. У рухах [Люсі] паяўлялася нешта ад незвычайнай красуні: прывабная мяккасць, жаноцкасць, вялікія сінія вочы палалі ласкавасцю. Карпаў.
жано́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы жанчыне, характэрны для жанчыны; пяшчотны, ласкавы, прывабны. Жаноцкае хараство.
жано́часць, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і жаноцкасць.
жано́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жанчыны, жанчын. Жаночая праца. // Які належыць жанчыне. Жаночы твар. Жаночыя рукі. // Прызначаны для жанчын. Жаночы абутак. // Уласцівы жанчыне, які адрознівае жанчыну. Жаночы пол. Жаночая пяшчотнасць. // Які складаецца з жанчын. Жаночая брыгада.
2. Які адносіцца да асобіны, асобы жаночага полу, характарызуе яго. Жаночая палавая клетка. Жаночыя кветкі ў раслін.
•••
Жаночае пытанне гл. пытанне.
Жаночая рыфма гл. рыфма.
Жаночы род гл. род.
Жаночыя хваробы гл. хвароба.