Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гімнасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Верхняя сарочка са стаячым каўняром, якую падпяразваюць рэменем. Армейская гімнасцёрка. □ Сцяпан Апанасавіч быў апрануты ў суконную гімнасцёрку, якая шчыльна аблягала яго шырокія плечы. Краўчанка.

гінекалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гінекалогіі. Гінекалагічная аперацыя. Гінекалагічны інструмент.

гінекало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае асаблівасці жаночага арганізма, захворванне жаночых палавых органаў і іх лячэнне.

[Ад грэч. gynē — жанчына і lógos — вучэнне.]

гінеко́лаг, ‑а, м.

Урач па жаночых хваробах, спецыяліст у галіне гінекалогіі.

гіне́я, ‑і, ж.

Старадаўняя англійская залатая манета, роўная 21 шылінгу.

гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

гіпа...

Прыстаўка, якая паказвае на змяншэнне чаго‑н. у параўнанні з нормай, напрыклад: гіпавітаміноз, гіпатэрмія; проціл. гіпер...

[Грэч. hypó — пад, знізу.]

гіпадынамі́я, ‑і, ж.

Спец. Празмернае аслабленне, паніжэнне мышачнай дзейнасці.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і dynamis — сіла.]

гіпаксі́я, ‑і, ж.

Паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма; кіслароднае галаданне.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і лац. oxygenium — кісларод.]

гіпало́гія, ‑і, ж.

Навука аб конях і спосабах паляпшэння конегадоўлі.

[Грэч. hippos — конь і lógos — вучэнне.]