саслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.
У выразе: саслужыць службу каму-чаму — а) выканаць што‑н. па просьбе каго‑н., зрабіць паслугу каму‑н. Каршукоў нецярпліва прыспешваў Ядвісю. Ён быў як апантаны, даведаўшыся, што зброя ёсць. — Цяпер ты мне яшчэ адну службу саслужыш, — гаварыў ён.. — Людзей трэба. Асіпенка; б) прынесці карысць каму‑, чаму‑н.; адыграць пэўную ролю ў чым‑н. — Вазьмі, Тарасе, свой аўтамат, — гаварыў Кірыла, — саслужыў ён мне службу верную... Гурскі.
саслядзі́ць, ‑сляджу, ‑слядзіш, ‑слядзіць; ‑слядзім, ‑следзіце; зак., што.
Разм. Пакрыць слядамі; патаптаць. Саслядзіць падлогу.
сасма́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.
2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.
сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.
сасма́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сасмажыць.
сасма́жыцца, ‑жыцца; зак.
Стаць смажаным, гатовым для яды.
сасма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Прыгатаваць для яды смажаннем. — Дастань хіба сала ды сасмаж, — звярнуўся.. [Кандрат] да жонкі, — яны ж, мусіць, не посцяць... Галавач. Грыбы трэба было зварыць ці сасмажыць у чым-небудзь. А ў чым жа іх зварыш? Хіба што ў бляшанцы. Сабаленка.
сасмакта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сасмактаць.
сасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.
1. Высмактаць (якую‑н. вадкасць) поўнасцю, да канца.
2. Смокчучы, паступова зрасходаваць. Сасмактаць цукерку. Сасмактаць драбок цукру. // Разм. груб. Скурыць (тытунь, папяросу, люльку). Сасмактаць пачак папярос.
3. Разм. Змардаваць, знясіліць смактаннем. Кацяняты сасмакталі кошку.