саслі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Сцерці слізгаючы.
саслі́згванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. саслізгваць — саслізнуць.
саслі́згвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да саслізнуцца.
2. Зал. да саслізгваць.
саслі́згваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да саслізнуць.
саслізну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Тое, што і саслізнуць. Калі трохі збочыш, то трапіш на занесеныя снегам брусы і можаш саслізнуцца ў рэчку. Кулакоўскі. Саслізнуліся ногі. Таня паспела схапіцца за лесвічную раму. Гарбук.
саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.
2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.
сасло́ўе, ‑я, н.
1. Грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве. Дваранскае саслоўе. □ Са зместу «Размовы» відаць, што аўтар абараняе ідэалы сацыяльнага міру паміж класамі і саслоўямі тагачаснага грамадства. «Помнікі».
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — група асоб, аб’яднаных прафесіянальнымі інтарэсамі. Саслоўе медыкаў. □ Акалічнасці далучэння Багушэвіча да адвакацкага саслоўя ўстанаўліваюцца дастаткова поўна па іншых дакументах. Кісялёў.
•••
Падатковае саслоўе — пра сялян, гараджан і пад. як пра такую грамадскую групу насельніцтва пры феадалізме, якая абкладалася падаткамі.
Прывілеяваныя саслоўі — духавенства і дваранства як група насельніцтва пры феадалізме, якая падаткамі не абкладалася.
Трэцяе саслоўе — непрывілеяванае падатковае саслоўе ў феадальнай Францыі.
сасло́ўнасць, ‑і, ж.
Падзел грамадства на саслоўі.
сасло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саслоўя (у 1 знач.). З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Колас. // Абумоўлены прыналежнасцю да якога‑н. саслоўя. Саслоўныя прывілеі, Саслоўныя інтарэсы.
2. Заснаваны на падзеле грамадства на саслоўі; уласцівы грамадству, падзеленаму на саслоўі. Саслоўная сістэма выбараў. Саслоўны антаганізм.
3. Уласцівы прывілеяваным саслоўям; каставы. Саслоўны дух. □ У беларускай літаратуры тэма выкрыцця саслоўных забабонаў займае досыць значнае месца. Ярош.
•••
Саслоўная манархія гл. манархія.
саслужы́вец, ‑жыўца, м.
Той, хто працуе, служыць з кім‑н. у адным месцы, установе і пад. [Я] адшукала будоўлю, дзе працуе зямляк, яго самога, ягоных начальнікаў і саслужыўцаў. Лось.