Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прабо́р, ‑а, м.

Лінія, якая ўтвараецца на галаве, калі расчасаць на два бакі валасы. Родненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі.

прабо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Строгая вымова за што‑н. — Але трэба не забываць, што выхаванне — гэта не адны ўрокі, сухія маралі, праборкі на сходах. Шамякін. Часамі.. [пісар] і праборку зробіць каму, але зробіць ўмеючы, і на яго нельга пакрыўдзіцца. Колас.

прабразгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.

1. Утварыць бразгат.

2. Бразгатаць некаторы час.

прабразгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак.

Тое, што і прабразгатаць.

прабра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Утварыць бразгат.

2. Бразгаць некаторы час.

прабраха́цца, ‑брашуся, ‑брэшашся, ‑брэшацца; зак.

Разм. груб. Прагаварыцца, прабалбатацца.

прабраха́ць, ‑брэша; зак.

1. Абазвацца брэхам. На верхнім канцы сяла ў апошні раз прабрахаў сабака. Сяргейчык.

2. Брахаць некаторы час.

прабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; пр. прабраўся, ‑бралася; заг. прабярыся; зак.

1. З цяжкасцю прайсці куды‑н., да чаго‑н. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Лынькоў. Паходня, асцярожна ступаючы між клункамі, прабраўся ў глыб вагона да незанятага акна. Хадкевіч. / у перан. ужыв. У цэнтры Еўропы да ўлады прабралася самая шалёная рэакцыя — нямецкія фашысты на чале з Гітлерам. Ліс.

2. Прайсці тайком, пракрасціся. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. [Сяміздраў] узяў дубальтоўку і, крадучыся загуменнем, прабраўся да хаты, дзе праходзіў сход. Шчарбатаў. // перан. Падманам пранікнуць у якую‑н. арганізацыю. [Палкоўнік:] — Скажу адно. Вось чалавек прадаў сваю радзіму і народ. Мы ведаем, што ў маладосці ён гуляў у бандах Зялёнага. Потым нават у партыю прабраўся, каб схаваць сваё чорнае нутро. Няхай.

прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.

2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.

прабрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Пралажыць брук. Прабрукаваць вуліцу.

2. і без дап. Брукаваць некаторы час.