праблісну́ць, ‑не; зак.
1. Бліснуць праз што‑н. Прабліснула сонца.
2. перан. З’явіцца на вельмі кароткі час, бліснуць імгненна. І вось урэшце пад вечар у доміку прафесара прабліснуў першы прамень надзеі. Лынькоў.
праблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.
Блудзіць некаторы час.
праблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Блукаць некаторы час. Пеця да цямна праблукаў на беразе рэчкі, а начаваў пад дзедавай паветкай. Ракітны.
2. Тое, што і праблудзіць. Ад Залужжа да хутара па добрай дарозе дык паўгадзіны хадзьбы, а ў такую завею можна праблукаць па полі да ночы і на хутар не трапіць. Гроднеў.
праблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Блытацца некаторы час. Праблытаўся.. [Сцёпка] досыць доўга па незнаёмых вуліцах, покі трапіў на вадакачку, адтуль і на рабфак. Колас.
прабляя́ць, ‑бляе; зак.
1. Абазвацца бляяннем (пра авечку, казу).
2. Бляяць некаторы час. Авечка прабляяла ўсю ноч.
прабо́іна, ‑ы, ж.
Дзірка, прабітая ў чым‑н. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.
прабо́й, ‑я, м.
Металічная дужка, убітая ў дзверы, вечка і пад., якая служыць для навешвання замка. Дзверы ў сенцах былі замкнёны: клямка надзета на прабой, у ім — доўгі сасновы сук. Пташнікаў.
прабо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.
Інструмент для прабівання, высякання дзірак, узораў.
прабо́йнік, ‑а, м.
Ручны інструмент для прабівання дзірак у метале, камені, скуры і пад.
прабо́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прабоя.