прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.
прабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; пр. прабіў, ‑біла; заг. прабі; зак.
1. што. Ударамі праламаць што‑н.; прадзіравіць. На ямах дол. Страха бы здзьмута, Сцяну ў хляве прабіў снарад. Колас. // Ударамі або іншым спосабам зрабіць (дзірку, прабоіну). У бляшанцы з-пад кансерваў прабіў збоку тры дзіркі. Грамовіч. // Прайсці праз што‑н. з сілай, парушаючы цэласнасць чаго‑н. Вады паясок Пад сонцам іскрыцца, Прабіла пясок Ля ўзгорка крыніца. Нядзведскі. // Пранікнуць, прасачыцца праз што‑н. Сонца не магло прабіць шчыльную заслону. Савіцкі. // Спец. Прайсці, распрацаваць участак пароды.
2. што. Разм. Пракласці (дарогу, сцежку і пад.). Вазьму пілу, вазьму сякеру І ў пушчы шлях сабе праб’ю. Гурло.
3. што. Ударам накіраваць што‑н. куды‑н. Прабіць мяч.
4. Утварыць гук, адбіць удары. Райкомаўскі гадзіннік на сцяне паволі, не спяшаючыся, прабіў адзінаццаць. Пестрак. / у безас. ужыв. На каланчы прабіла шэсць гадзін, а Зачэпы ўсё не было. Асіпенка.
•••
Гарматай не праб’еш — а) пра ўпартага чалавека, якога нельга пераканаць; б) пра вялікую колькасць, збор народу.
Ілбом сцяны не праб’еш — пра марныя намаганні дасягнуць чаго‑н.
Прабіць сабе дарогу — дасягнуць поспеху.
Час прабіў гл. час.
прабле́ма, ‑ы, ж.
Важнае пытанне, якое патрабуе вырашэння. Аднак тэма аб пабудове электрастанцыі ставіць і распрацоўвае шмат праблем: дружба і варожасць, замілаванне і нянавісць. Чорны. У даследаваннях Я. Баршчэўскага пытанні навуковай метадалогіі арганічна пераплятаюцца з праблемай тэорыі літаратуры. Мушынскі.
[Грэч. problēma — задача.]
праблема́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Сукупнасць праблем. Развіццё нашай прозы ішло ў напрамку пашырэння яе тэматыкі і праблематыкі. Пшыркоў.
праблематы́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць праблематычнага.
праблематы́чны, ‑ая, ‑ае.
Недаказаны, які з’яўляецца праблемай. Праблематычнае меркаванне. // Малапраўдападобны, няпэўны.
прабле́мны, ‑ая, ‑ае.
Прысвечаны вырашэнню якой‑н. праблемы. Праблемныя пытанні.