Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́сул, ‑у, м.

Разм. Абяцанне. Эх вы, думкі-вывітушкі! Ды няверныя вы служкі: Посул шчасця вам вялікі, А плод — шып калючы, дзікі! Колас.

по́суху, прысл.

Разм. Па сухім месцы, сухім шляхам. Унь ля ганку і каменьчыкі тыя, якімі.. [Нявада] вылажыў сцежку цераз двор, каб посуху хадзіць у дажджы. Чорны.

по́сцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Лёгкая саматканая коўдра або прасціна, якую рассцілаюць на пасцель або якой накрываюцца ці засцілаюць ложак. Гаспадыня зняла з ложка посцілку і завесіла ёю акно. Кулакоўскі. Пасцель была прыбрана, засцелена зверху вясковай посцілкай. Новікаў. // Кавалак тканіны, якой накрываецца або завешваецца што‑н. З-за посцілкі, што завешвала ложак, пачуўся жаночы голас. Пальчэўскі. / у перан. ужыв.; чаго або якая. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Колас.

пот, ‑у, М поце; мн. паты, ‑оў; м.

1. Празрыстая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі падскурнымі залозамі. Васіль выціраў рукой твар, па якому, нібы гарошыны, даганялі адна другую кроплі поту. Васілевіч. // Выдзяленне гэтай вадкасці. Працаваць да поту.

2. Разм. Вільготны налёт на паверхні прадметаў, які ўтвараецца ад сутыкнення іх з цёплым паветрам. Туманіліся пылам і потам агромністыя пішы вокан. Гартны.

•••

Абліцца (халодным, сцюдзёным) потам гл. абліцца.

Да крывавага поту — да поўнага знясілення (працаваць, мучыцца і пад.).

Да сёмага (дзесятага) поту — да поўнай знямогі, стомы.

Заліцца потам гл. заліцца.

Ліць пот гл. ліць.

Потам і кроўю — з вялікімі намаганнямі, з вялікімі цяжкасцямі (здабываць, заваёўваць і пад.).

Сагнаць сем патоў з каго гл. сагнаць.

потааддзяле́нне, ‑я, н.

Аддзяленне ў млекакормячых поту спецыяльнымі потавымі залозамі.

по́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поту; які выдзяляе пот. Потавыя залозы.

потавыдзяле́нне, ‑я, н.

Тое, што і потааддзяленне.

по́тайкам, прысл.

Тое, што і тайком. Пісару здавалася, што яго жонка потайкам сустракаецца з прыгожым Івашом. Колас.

по́тарч, прысл.

Тое, што і потырч. Мае рукі быццам перасталі мяне слухацца. І нож стаяў неяк потарч, і лушпінне сыпалася ў кошык вельмі тоўстае. Гроднеў. Турчыновіч не ўстаяў на нагах і паляцеў потарч. Гурскі.

по́тнік, ‑а, м.

Мяккая падкладка з лямцу і скуры для засцярогі спіны каня ад намулаў.