по́начы, прысл.
Ноччу. [Вольга Віктараўна:] — А чаму вы не хочаце начаваць? [Лабановіч:] — Я люблю хадзіць поначы. Колас.
по́нізу, прысл.
Знізу, унізе. Перад вокнамі лапушацца кусты вяргіні і цягнуцца аж пад самае застрэшша цыбатыя мальвы, а понізу высцілаюцца пярэстая шаўкавіца і зялёны барвенак. Вітка.
по́нчык, ‑а, м.
Круглы смажаны ў тлушчы піражок.
[Польск. pączek.]
поп, папа, м.
Разм. Свяшчэннік. Заборцаўскі поп накіраваўся на цвінтар, каб пачаць раннюю службу. Колас. Поп саграшыў, а дзяка вешаюць. Прыказка.
•••
На папа (ставіць, паставіць і пад.) — стаўма, вертыкальна.
Шалёны поп хрысціў каго — пра неўраўнаважанага, схільнага да неабдуманых учынкаў чалавека.
по́паўзень, ‑зня, м.
Маленькая птушачка атрада вераб’іных, якая вельмі спрытна лазіць па дрэвах уверх і ўніз галавой. Па ствалу суседняга дрэва прабег зверху ўніз попаўзень. Хомчанка.
по́пел, ‑у, м.
Пылападобная, звычайна шэрая маса, якая застаецца пасля згарання, спальвання чаго‑н. Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Якімовіч.
попелаўло́ўнік, ‑а, м.
Прыстасаванне для ўлоўлівання попелу.
по́пелішча, ‑а, н.
Абл. Папялішча. Яны ўтраіх шчасліва перасядзелі ў блізкім лесавым хутарку фронт, прасядзелі пад руінамі, на попелішчы. Чорны.
по́пельніца, ‑ы, ж.
Спецыяльная пасудзіна для акуркаў і страсання попелу пры курэнні. [Мужчыны] паспелі ўжо добра пракурыць канцылярыю, уклаўшы ў попельніцу каля дзесяці акуркаў. Гартны.