Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

по́вар, ‑а, м.

Спецыяліст па прыгатаванню ежы; кухар. Рота вячэрала тады ўсмак, і ўсе партызаны хвалілі повара. Кулакоўскі.

по́варскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да повара. Поварскае ўменне. // Які ўжываецца поварам пры прыгатаванні ежы. Поварская лыжка. Поварскі нож.

по́відну, прысл.

Пакуль відна, пакуль настане цемната. Хоць сонца яшчэ і не скора пакажацца над лесам, але повідну ўсё ж весялей. Якімовіч.

по́вязь, ‑і, ж.

Пераемная сувязь чаго‑н. Так, відаць, і тчэцца ўнепрыкметку повязь пакаленняў, часоў, лёсаў. «Звязда».

по́галас, ‑у, м.

Разм. Тое, што і пагалоска. Народны погалас хутчэй за вецер разносіць навіны ў самыя далёкія аулы і паселішчы. Васілёнак.

по́галаска, ‑і, ДМ ‑ласцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, што і пагалоска. Пра гэтае смешнае здарэнне доўга гаварылі, а пасля з года ў год так і хадзіла погаласка пра бойку чалавека з пеўнем. Чорны.

по́гань, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра тое, што выклікае агіду; нешта паганае, непрыемнае. Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань. Зарэцкі. — Кажуць, — дадавалі другія, — што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць — шкада, што не забіў гэту погань... Чарот. Ведаеш чалавека, здаецца, як не трэба лепш, і раптам ён такім зробіцца, што ніколі не падумаў бы. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец.

по́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н. Я тады быў у тым узросце, калі ўжо не млеюць ад дзявочых поглядаў і ўсмешак. Васілевіч. [Якуб] зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Зарэцкі.

2. які. Выраз вачэй, манера глядзець. Мужны і дародны [Батура], Як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты. Пушча. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Колас.

3. Пункт гледжання. Кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце... Бядуля. Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае. Пальчэўскі. Погляд Дубоўкі на паэзію мае многа агульнага з поглядам на яе Максіма Багдановіча: як той, так і другі змагаліся за высокую культуру беларускага верша. Конан.

•••

Абвесці поглядам гл. абвесці.

Абеглы погляд — мімалётны, ледзь улоўны погляд.

На першы погляд — паводле першага ўражання.

На погляд — па знешняму выгляду.

по́граб, ‑а, м.

Яма з крытым верхам і сценамі з бярвення, якая служыць для захавання бульбы, гародніны. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Ніжняя частка дома, падвал, дзе захоўваюцца прадукты. Бульбу перанеслі ў сенцы, саставілі мяшкі наўкруг .. над пограбам. Паўлаў.