сарпі́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сарпінкі. Сарпінкавая тканіна.
сарта... (гл. сорта...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сорта...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сартазмена.
сартава́льнік, ‑а, м.
1. Асоба, якая займаецца сарціроўкай чаго‑н. Працаваць сартавальнікам на пошце.
2. Механізм для сарціроўкі чаго‑н. Магнітны сартавальнік.
сартава́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да сартавальнік (у 1 знач.).
сартава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сарціроўкі (у 1 знач.). Сартавальныя работы. // Прызначаны для яе. Сартавальнае сіта.
2. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе адбываецца сартаванне чаго‑н.
3. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Тое, што і сартавальная станцыя.
•••
Сартавальная горка гл. горка 1 (у 2 знач.).
Сартавальная станцыя гл. станцыя.
сартава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сартаваць.
сартава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сартаваць.
сартава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да сартаваць.
сартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
Размяркоўваць, адбіраць па сартах (у залежнасці ад якасці, памераў і пад.). Пасля абеду.. [Валі] захацелася схадзіць у дальнюю брыгаду — на пасёлак Вадапой, праверыць, як там сартуюць насенне льну. Шамякін. // Размяркоўваць што‑н. па якіх‑н. падобных прыкметах. Сартаваць пісьмы. □ [Маргарыта] праглядае і сартуе сукенкі. Скрыган. Тамара ўзялася сартаваць іх. Яна ўбачыла, што кніжкі трэба працерці ад пылу, і стала праціраць. Ермаловіч. // перан. Разм. Дзяліць па разрадах, прыводзіць у сістэму. Сартаваць успаміны.
сартавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да сорту (у 2 знач.), да размеркавання па сартах. Сартавая праполка. Сартавыя якасці насення. // Які прызначаны, служыць для вывядзення новых якасных сартоў. Сартавы ўчастак.
2. Які належыць да высокага, каштоўнага або спецыяльнага сорту. Сартавая пшаніца. Сартавая бульба. Сартавое шкло. Сартавое жалеза.