Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рулявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.

рум, ‑у, м.

Разм. Месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і дзе вяжуць плыты. Румам у нас называецца тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. Хлопцы хадзілі на рум, дзе завіхаліся плытнікі каля высокіх ярусаў бярвення. С. Александровіч.

румб, ‑а, м.

Дзяленні на крузе компаса, якія адпавядаюць 1/32 частцы гарызонта. А ён [Калумб] стаяў, вылічваючы румбы, на расхістаным бурай караблі. А. Вольскі.

[Англ. rhumb.]

ру́мба, ‑ы, ж.

Сучасны танец мексіканскага паходжання хуткага тэмпу, чатырохдольнага памеру, а таксама музыка да гэтага танца.

[Ісп. rumba.]

ру́мбавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да румба.

ру́мза, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (аю), ж.

Разм. Той (тая), хто многа, без дастатковай прычыны плача; плакса. У дзяўчынкі на вачах нагарнуліся слёзы, але яна не плакала, бо не была румзай. Рылько.

ру́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Перарывіста і надакучліва плакаць. — Гу-гу-гу! — румзаў бедны хлопчык, прыпаўшы да скуркі тварам. Гарэцкі. Дзіця бясконца румзала, цягнула, як лера, брыкалася, а .. [жанчына] то ўгаворвала, то гушкала яго, то спакушала цукеркаю. Карпаў.

ру́мпель, ‑я, м.

Спец. Рычаг, пры дапамозе якога паварочваюць руль.

[Ад гал. roerpen.]

ру́мпельны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да румпеля, прызначаны для румпеля, румпеляў. Румпельны сектар.

румы́н,

гл. румыны.