красава́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. красаваць і красавацца. Пахі трывожаць мяне веснавыя І зноў я чакаю садоў красавання! Броўка. — Няхай маладыя ездзяць красавацца, а мне, старому, навошта яно, тое красаванне? Сабаленка.
красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.
2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.
4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.
5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.
красава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цвісці (пра злакавыя расліны). — Лубін сеецца па жыце тады, калі жыта красуе, і лепш яго сеяць пад дождж. Пестрак. У агародах зелянелі каноплі, цвіў мак, красавала нізкарослае жыта. Лупсякоў. // Пышна развівацца, квітнець (пра расліны). На ўзгорку, бачылі ўсе праз вокны, каліна красавала белым цветам. Дубоўка. Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.
2. Тое, што і красавацца (у 2 знач.). Дочкі цвілі, Красавалі, як ружы. Дубоўка.
3. Тое, што і красавацца (у 3 знач.). Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак. Колас.
4. перан. Тое, што і красавацца (у 5 знач.). Красуй над светам, Рэспубліка Саветаў! Пушча. Красуй, ардэнаносная Краіна Беларусь! Кляшторны.
красавіко́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і красавіцкі. Радасна сэрцу, што гэтак Пад небам красавіковым Звоніць, грыміць на палетках Вырай наш, казачны новы. Танк.
красаві́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да красавіка, уласцівы красавіку. Два дні ішоў цёплы красавіцкі дождж. Шамякін. Весела зіхацела красавіцкае сонца. Шчарбатаў. // Які адбываецца ў красавіку. Красавіцкі пленум.
краса́ла, ‑а, н.
Тое, што і крэсіва. Галавень злез з каня, прывязаў яго да драбін нейчых калёс і пачаў высякаць красалам агонь, каб прыкурыць піпку. Лупсякоў.
красамо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць красамоўнага. Вызначацца красамоўнасцю.
красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.
2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.
3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.
красамо́ўства, ‑а, н.
Уменне гаварыць прыгожа і пераканаўча; прамоўніцкі талент. [Мажухіна] валодала сапраўдным дарам красамоўства, умела гаварыць прыгожа, узнёсла і шчыра, па-майстэрску чытала паэтычныя творы. С. Александровіч.