піць, п’ю, п’еш, п’е; п’ём, п’яце; пр. піў, піла, піло; заг. пі; незак.
1. што і без дап. Глытаць якую‑н. вадкасць. Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. Цётка Тэкля піла маленькімі глыткамі, смакуючы. Корбан. Прыпарвала. Хлопцы знялі шапкі. Хацелася абаім піць. Гартны. // Убіраць у сябе, удыхаць. — Стыне сэрца ад захаплення... Паветра, як малако: п’еш і ўсё мала. Гартны.
2. без дап. Ужываць у вялікай колькасці спіртныя напіткі; праводзіць час, п’ючы гарэлку, віно. Сустракаючыся са сваякамі і знаёмымі, Міхась шмат піў — часта з раніцы да позняй ночы. Сіўцоў.
3. за каго-што. Выпіваць спіртныя напіткі ў гонар каго‑, чаго‑н. Кульнулі чарку за Мальвіну, Другую за гаспадара, І госцю выпала пара, Пілі за славу, за айчыну. Колас.
•••
Не з хараства ваду піць — не самае галоўнае хараство, прыгажосць.
Піць (смактаць, ссаць) кроў — мучыць, прыгнятаць каго‑н., здзекавацца з каго‑н.
Піць мёртвую — піць запоем.
Піць нагбом — піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе.
Як піць даць гл. даць.
пі́шучы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пісаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які служыць для пісання. Пішучая прылада.
3. Дзеепрысл. незак. ад пісаць.
•••
Пішучая машынка гл. машынка.
пішча́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Дудка з тонкім, пранізлівым гукам.
пішча́ль, ‑і, ж.
Старадаўняя пушка, а затым вялікае цяжкае ружжо, якое зараджалася цераз ствол.
пішча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіць піск (пра птушак і некаторых жывёл). Пішчалі шустрыя маладыя шпачкі. Сачанка. У блізшай кане чуваць было, як пішчалі мышы... Лобан. // Выдаваць пісклівыя гукі (пра нежывыя прадметы). Пішчала, курчылася ад гарачыні на скаварадзе яечня. Васілевіч. І калёсы гадоў пяць мо не мазаныя. Восі аж пішчаць. Жычка.
2. Плакаць або смяяцца тонкім голасам (пра дзяцей). Петрык рад — ручкамі махае і пішчыць ад радасці. Крапіва.
3. Гаварыць або спяваць тонкім пісклявым голасам. — Вобыск у вас трэба зрабіць! — пагард[лів]а, пакручваючыся на вываксаваных крывых ботах, пішчаў жандар. Нікановіч.
пішчо́м, прысл.
У выразе: пішчом лезці гл. лезці.
пішчу́ха, ‑і, ДМ ‑чусе, ж.
1. Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных шэра-бурай плямістай афарбоўкі з доўгай тонкай дзюбай.
2. Тое, што і сенастаўка.
пі́шчык, ‑а, м.
1. Дудачка, якой прывабліваюць птушак. У гэты час .. [рабчыкі] добра ідуць на пішчык. Ігнаценка.
2. Спец. Трысняговая пласцінка, якая гучыць у муштуку драўляных духавых музычных інструментаў.
3. Спец. Спецыяльнае прыстасаванне для вымярэння голасу акцёра.
піэмі́я, ‑і, ж.
Спец. Агульнае гнойнае заражэнне арганізма, пры якім утвараецца многа гнойных ачагоў у розных органах.
[Грэч. pýon — гной і haima — кроў.]
піэты́зм, ‑у, м.
1. Рэлігійная плынь, узнікшая ў 17 ст. сярод пратэстантаў Германіі, якая супрацьпастаўляла фармальна-абрадаваму боку рэлігіі містычныя пачуцці.
2. Кніжн. Містычна-набожны настрой, паводзіны (часта фальшывыя).
[Ад лац. pietas.]