Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пісьмо́ўнік, ‑а, м.

Гіст.

1. Зборнік узораў пісьмаў рознага зместу.

2. У 18 ст. — кніга, даведнік для самаадукацыі па мове і літаратуры. Чалавечак глядзеў на яго [Алеся] звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі «Северной пчелы». Караткевіч.

піся́г, ‑а, м. і піся́га, ‑і, ДМ ‑сязе, ж.

Тое, што і пісага. Белы пісяг ад колішняй раны цераз усю шчаку Крыварота здаўся Антону зусім звычайным. Ермаловіч. Спіна ў Івана паліла агнём, на кашулі цямнеўся руды пісяг, але Іван быў рады сваёй перамозе. Кудравец. Толькі на шчацэ гарэла пісяга, нібыта Раман прыйшоў у хату з марозу. Пташнікаў.

пісямко́, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да пісьмо (у 1 знач.). — Напішы мне, калі ласка, Пісямко дахаты! Колас.

пісямцо́, ‑а, н.

Тое, што і пісямко.

пітво́, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. піць.

2. Тое, што п’юць, напітак. Перад .. [людзьмі] стаялі розныя стравы і пітво. Маўр. Потым усе замітусіліся. Вынеслі на двор пад распукнутую яблыню стол, разаслалі на ім белы ў складках абрус і, увіхаючыся адна перад адной, пачалі расстаўляць пітво і закуску. Ракітны.

піткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Які добра, прыемна піць.

пітны́ 1, ‑ая, ‑ое.

Прыгодны для піцця. Пітная вада.

•••

Пітная сода гл. сода.

піто́к, ‑тка, м.

Разм. Чалавек, які любіць і можа выпіць многа спіртных напіткаў. [Галя:] — Вы ж ведаеце, які з мяне піток. Сабаленка.

піто́мнік, ‑а, м.

Тое, што і гадавальнік. Васіль з Костусем на падводах недзе вёрст за сто з’ездзілі за шчэпамі ў пітомнік. Васілевіч.

піто́н, ‑а, м.

Вялікая неядавітая змяя сямейства ўдаваў, якая жыве пераважна ў джунглях.