Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сара́тнік, ‑а, м.

Таварыш па барацьбе, бітве, зброі. Толькі пяццю падрыўнікамі атрада імя Ленінскага камсамола, якім камандаваў саратнік Канстанціна Заслонава А. Я. Андрэеў, было скінута пад адхон 58 варожых эшалонаў. Дзенісевіч. // Таварыш па грамадскае дзейнасці; паплечнік. А больш мы пра Леніна слухаць любілі, Пра мудрасць яго, пра саратнікаў смелых. Панчанка.

сара́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да саратнік.

сарафа́н, ‑а, м.

Руская верхняя жаночая вопратка ў выглядзе асобага крою свабоднай доўгай сукенкі без рукавоў з засцежкай пасярэдзіне. // Жаночая сукенка без рукавоў. Выйшла і Святланка разам са сваім класам, са школай. У белай блузцы і блакітным сарафане. Юрэвіч. Чырвоны паркалёвы сарафан Валі здалёку здаваўся нейкай незвычайнай жывой кветкай. Васілевіч.

сарафа́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сарафана; прызначаны для сарафанаў. Сарафанны матэрыял.

сарацы́н,

гл. сарацыны.

сарацы́нка,

гл. сарацыны.

сарацы́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сарацынаў, які належыць, уласцівы ім.

сарацы́ны, ‑аў; адз. сарацын, ‑а, м.; сарацынка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. сарацынкі, ‑нак; ж.

1. У антычных гісторыкаў — качавое племя заходняй і паўднёвай Еўропы.

2. У эпоху сярэдневякоўя — арабы і наогул усе мусульмане.

[Араб.]

сарачня́, ‑і, ж.

Уст. Сорак. Сарачня снапоў. □ Выйшлі на поле вязаўцы з сарачні хат і агледзеліся яны, што на такой шыры, на такім прасторы жменька іх. Калюга.

сарачы́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сарочы. У.. вершалінах [дрэў] асталіся леташнія варанячыя і сарачыныя гнёзды. Лупсякоў.

сарачы́ны 2, ‑аў; адз. няма.

Уст. Саракавы дзень пасля чыёй‑н. смерці. // Звычай памінання памёршага ў гэты дзень. Справіў Сцяпан па жонцы сарачыны. «Беларусь».