Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.

2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.

сарамя́жасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць сарамяжага. У яе нават асталася тая сарамяжасць, якою.. [Акіліна] вылучалася і ў дзявоцтве. Вітка.

сарамя́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сарамяжлівага; нясмеласць. Ні то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, ні то нейкая асцярога стрымлівала сказаць.. [Ядвісі], што было на душы. Колас. Да публічных выступленняў.. [Купала] не меў асаблівай ахвоты. Відаць, праз прыроджаную сарамяжлівасць. Лужанін.

сарамя́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. — Эх, вы: сарамяжлівая дзяўчына! — прамовіў Сухавараў крыху зняважліва. Колас. Сарамяжлівы і як бы нечым заклапочаны, хлапчук схаваўся за матчыну спіну. Сачанка. // Які выяўляе збянтэжанасць, хваляванне, нясмеласць. Чутны сарамяжлівы голас: — І чаго вы, дзядзька Сілівон, упікаеце нас [хлопцаў] дарэмна. Лынькоў. Вусны.. [Міхася] кранула сарамяжлівая ўсмешка. Аношкін. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці. Сарамяжлівая радасць.

сарамя́жнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць сарамяжнага. Цяпер.. [Вера] пачырванела ўжо не ад сарамяжнасці, а ад гонару. Якімовіч.

сарамя́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і сарамяжлівы. Мікалай быў.. ціхім і нават сарамяжным мог здавацца. Чорны. Буйная сарамяжная радасць жыцця ахоплівала.. [Барыса] ля палотнаў Рубенса. Быкаў.

сарамя́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і сарамяжлівы. [Макар] звык бачыць дзяўчат трошкі сарамяжымі, хоць бы для прыліку. Сабаленка. Вочы ў чалавека з рухаваю прыжмурынкаю, крыху як бы сарамяжыя. Чорны.

сара́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Расліна сямейства лілейных; тое, што і лілея. Наўкол палаюць росныя саранкі, На сонцы стэп і млее і звініць. Грахоўскі.

саранча́, ‑ы, ж.

1. Насякомае падсямейства саранчовых, падобных на коніка, якое вялікімі чародамі пралятае і нішчыць пасевы; небяспечны шкоднік сельскай гаспадаркі. / у знач. зб. Саранча паляцела.

2. зб.; перан. Разм. Пра вялікі натоўп, масу чаго‑н. Усюды [гергетала] саранча гандляроў. Бядуля.

саранчо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саранчы. Саранчовая лічынка.

2. у знач. наз. саранчо́выя, ‑ых. Падсямейства насякомых атрада прастакрылых, да якога належаць усе віды саранчы.