абмы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. да абмыць.
2. у знач. прым. Чысты, вымыты. Нарэшце зноў выбліснула сонца — абмытае, зыркае. Новікаў.
абмы́цца, ‑мыюся, ‑мыешся, ‑маецца; зак.
Змыць з сябе гразь, пыл і пад. // Зрабіцца чыстым ад уздзеяння вады, дажджу і пад. (аб прадметах). Зямелька ўся Ускалышацца, Дажджом яна Абмыецца. Колас.
абмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Змыць пыл, бруд і пад. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. Прыўзняла [Кацярына жанчыну], абмыла рану, Што чарнела над ілбом: Галаву яе старанна Абвязала фартухом. Броўка.
2. Памыць бялізну ўсім, многім. Абмыць сям’ю.
3. перан. Абдаць, ахінуць што‑н.; асвяжыць. Няхай прышчэпіць да ствала Мяне з сваёй галінай, Абмые ветрам і зарой Наднёманскай краіны. Танк. [Сумны:] Салдат хоча ў чыстай крыніцы паэзіі абмыць душу. Вітка.
4. перан. Разм. Адзначыць якую‑н. падзею выпіўкай. — Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
абмяжо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абмежавацца.
2. Зал. да абмяжоўваць.
абмяжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмежаваць.
абмяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмякнуць.
абмя́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў цвёрдасць, пругкасць. Абмяклы ад вільгаці хлеб.
2. перан. Які стаў вялым, расслабленым. Пілот-механік, знаёмы Алегу, абмяклы, ляжаў на падлозе. Гамолка.
абмя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абмяк, ‑ла; зак.
1. Стаць мяккім, страціўшы пругкасць. Вопратка абмякла ад вільгаці.
2. перан. Зрабіцца вялым, расслабленым. Камендант абмяк, зморана апусціўся ў крэсла, успомніўшы свой ганебны страх. Шамякін. Эма заплакала горка. Рукі абмяклі, Пакорна, Выпусціў бацька повад. Глебка.
3. перан. Стаць больш спагадлівым; расчуліцца. Выказаўшы тое, што так доўга і балюча ўтрымлівала, Аля адразу абмякла і заплакала. Мележ.
абмяле́лы, ‑ая, ‑ае.
Які абмялеў, мелкі. Дыхнула густым, душным водарам траў і красак, аернай вільгаццю абмялелых заток і свежасцю ракі, што блішчэла ўводдалі між лазнякоў. Хадкевіч.
абмяле́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. абмялець. Абмяленне возера.