Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шко́тавы, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да шкота. Шкотавы вузел. Шкотавы вугал.

2. у знач. наз. шко́тавы, ‑ага, м. Матрос, які кіруе шкотамі.

шкра́банне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. шкрабаць (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Без стуку, нават без шкрабання адчынілася першая палавіна філёнчатых дзвярэй кабінета. Сабаленка. Раптам праз усе гэтыя гукі.. [Міхал Плышэўскі] пачуў шкрабанне каля дзвярэй на ганку. Чарнышэвіч.

шкрабану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шкрабаць.

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

шкро́бат, ‑у, М ‑баце, м.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шкробаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Перад сабою бачу брудныя, даўно няголеныя шыі, спіны з плямамі поту і солі на выцвілых гімнасцёрках, чую бязладны шкробат ног. С. Александровіч. Гітлеравец, пачуўшы шкробат пацука, усунуў галаву ў акно і пасвяціў ліхтарыкам. Федасеенка.

шкро́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і шкрабаць. Гулка стукацяць дзеравяшкі, шкробаюць чаравікі і боты. Палонныя стаміліся, ідуць не ў нагу, як папала. С. Александровіч.

шкума́т, ‑а, М ‑маце, м.

Разм. Абрывак, абрэзак; асобная частка (тканіны, адзення, скуры і пад.). Максім Ус адной рукою адцягнуў.. [Івана] за свіран, перавязаў рану шкуматом кужэльнай кашулі. Грахоўскі. Да самай ночы, грызучыся між сабой, .. [шкуру] цягалі, рвалі на шкуматы сабакі. Навуменка.

шкумата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Матляючы, тузаючы ў розныя бакі, ірваць, імкнуцца парваць на часткі. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў. Быкаў. Тут жа, скалячы зубы, гойсаў Туман. Скакаў як апантаны, хапаў зубамі то мячык, то зайку, то клоуна. Шкуматаў, падкідваў уверх, трыбушыў лапамі. Шыловіч. // перан. Прыносіць гора, пакуты, няшчасце. Шмат з іх [людзей] спазнала вайну, шмат іх вайна шкуматала, Многія бачылі з іх гора людскога нямала. Броўка.

шкуматну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шкуматаць.

шкумаццё, ‑я, н., зб.

Абрыўкі, кавалкі, асобныя часткі чаго‑н.; шкуматы. Са старой елкі.. пасыпалася леташняя ігліца, шкумаццё пасохлага моху і розная другая пацяруха. Лынькоў. І страсаюць з галін снегавое шкумаццё і іней дрэвы, выпростваюцца насустрач сонцу. Хадкевіч. / у перан. ужыв. І ўжо не сядзіцца ў ціхім Зацішку Таму, хто прачытвае Леніна кніжку, Хто скінуў старога жыцця шкумаццё, Хто новае творыць на вёсцы жыццё. Хведаровіч.