Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

савіно́л, ‑у, м.

Новае сінтэтычнае валакно, вырабленае з полівінілавага спірту.

савіно́ўнік, ‑а, м.

Асоба, вінаватая ў чым‑н. сумесна з кім‑н.

савіно́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да савіноўнік.

саві́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да савы, належыць саве. Савінае гняздо. □ І раптам Уладзік чуе савіны крык — ку-га! ку-га! Краўчанка. // Такі, як у савы; які чым‑н. нагадвае саву. Савіныя вочы. □ Маленькі Рыгорка сядзеў за сталом, у яго быў круглы савіны твар, калматая галава, а бровы старчма двума рожкамі віліся ўгару. Дуброўскі.

савучані́ца, ‑ы, ж.

Жан. да савучань.

саву́чань, ‑чня, м.

Той, хто вучыцца або вучыўся разам з кім‑н.

савяня́ і савянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня савы.

са́га 1, ‑і, ДМ сазе, ж.

Старажытнае скандынаўскае і ірландскае народнае гераічнае сказанне. // Легенда, паэтычнае сказанне. Дзе вы, паэты Старога і новага свету? Дзе вашы сагі, Што клічуць за волю ў бой? Танк. На гранях сілы і адвагі Тачыла смерць касу не раз. Ёй вуснамі народнай сагі Адходную прапеў наш час. Хадыка.

[Стараж.-ісланд. — saga.]

са́га 2, нескл., н.

Крупы з крухмалу сагавай пальмы, а таксама штучныя крупы з кукурузнага або бульбянога крухмалу.

[Малайск.]

са́гавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сага ​2. Сагавыя крупы. // Прыгатаваны з сага. Сагавая каша.

2. Састаўная частка назвы некаторых відаў пальмаў, у сарцавіне якіх збіраецца крухмал.

3. у знач. наз. са́гавыя, ‑ых. Клас трапічных раслін, да якога адносіцца сагавая пальма і некаторыя іншыя расліны, падобныя на яе.

сагайда́к, ‑а, м.

Гіст.

1. Чахол для лука.

2. Увесь набор зброі конніка: лук з чахлом і калчан са стрэламі.

[Цюрк.]