Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

групо́рг, ‑а, м.

Групавы арганізатар, кіраўнік групы ў партыйнай, камсамольскай або прафсаюзнай арганізацыі.

групо́ўка, ‑і, ДМ ‑поўцы; Р мн. ‑повак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. групаваць і групавацца.

2. Аб’яднаная група, якая адасобілася ад каго‑, чаго‑н. Палітычныя групоўкі. Літаратурныя групоўкі. □ У канцы лістапада.. нямецка-фашысцкае камандаванне спрабавала дэблакіраваць акружаную групоўку. «Маладосць».

гру́ца, ‑ы, ж.

Абл. Ячменныя крупы, а таксама каша з гэтых круп. Пудзік хлеба з мякінай, Груцы, бобу крыху. Якой бульбы асьміну — Ці ж не дос[ыц]ь мужыку? Купала.

груча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Грукаць, грукатаць. Міхалка ў кузні. Малатком гручыць па жалезе. Бядуля. А ў хаце ігралі скрыпкі і бубнілі бубны, пелі і гручалі. Гарэцкі.

гру́ша і ігру́ша, ‑ы; Р мн. груш і ігруш; ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з сакавітымі салодкімі пладамі ў форме акруглага конуса. Груша-дзічка. Марозаўстойлівы сорт ігруш.

2. Плод гэтага дрэва. Натрэсці груш. Сушаныя грушы. Кампот з ігруш.

3. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Лыжкі з грушы.

•••

Земляная груша — шматгадовая кармавая і тэхнічная клубняносная расліна сямейства складанакветных; тапінамбур.

На вярбе грушы растуць у каго — маніць, расказвае небыліцы.

гру́шавы і ігру́шавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да грушы (у 1 знач.). Грушавы пень. Ігрушавы сад.

2. Прыгатаваны з груш (у 2 знач.). Грушавы напітак. Ігрушавая эсенцыя.

грушападо́бны і ігрушападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму грушы (у 2 знач.). Грушападобная электрычная лямпачка.

грушо́ўка, ‑і, ДМ ‑шоўцы, ж.

1. Сорт ранняй яблыні з салодкімі пладамі.

2. Плод гэтай яблыні.

3. Грушавая наліўка.

гру́шына і ігру́шына, ‑ы, ж.

Асобнае грушавае дрэва. Ігрушына ў квецені. □ А сёння грушына без хутара Стаіць бабылкай на мяжы. Барадулін.