Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глупы́ш, ‑а, м.

Паўночная марская вадаплаўная птушка, падобная на чайку.

глу́ха,

1. Прысл. да глухі (у 2, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык. Ціха, бясшумна. Глуха ў полі. Нішто не хвалюе. А. Александровіч.

3. прысл. Шчыльна, наглуха. З нізкага берага дно акіяна вачам не даступна, — Глуха ўкрыла яго сіняя цемень вады. Багдановіч.

глухава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.

1. Трохі глухі (у 1, 2 знач.). Глухаваты ад старасці, Пятрусь спаў яшчэ моцна, мог не дачуць гадзінніка. Брыль.

2. Не вельмі звонкі, прыглушаны (пераважна пра голас, гукі). Глухаваты бас. □ Глухаватым, асіплым голасам.. [Андрэй Іванавіч] запеў калыханку. Лынькоў.

глухама́нь, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і глуш (у 1–3 знач.). Можна прайсці дзесяткі вёрст па глухамані.. і не сустрэць нават звярынай сцежкі. Новікаў. Вось аднаго разу У глухамань начы Удалося вязню З допыту ўцячы. Бядуля.

глуханемата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

Адсутнасць слыху і здольнасці гаварыць.

глуханямы́, ‑ая, ‑ое.

Пазбаўлены слыху і здольнасці мовы. Глуханямое дзіця. // у знач. наз. глуханямы́, ‑ога, м.; глуханяма́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху і здольнасці гаварыць. Школа для глуханямых.

глу́хасць, ‑і, ж.

Уласцівасць глухога. Звонкасць і глухасць зычных гукаў.

глухата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.

1. Поўная або частковая адсутнасць слыху. Не хапала паветра, сэрца стукала так, што аж у вушах з’явілася глухата. Рылько.

2. Разм. Нямая цішыня. Гасцінец быў убаку, а хвойнік пачынаўся проста над балотам. Глухата і вільгаць здаровай ночы! Чорны.

глухі́, ‑ая, ‑ое; глух, ‑а.

1. Часткова або поўнасцю пазбаўлены слыху; няздольны чуць. Глухі на адно вуха. □ Як ем, дык глух і нем. Прымаўка. // у знач. наз. глухі́, ‑ога, м.; глуха́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху. Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі. Якімовіч. Глухі не дачуе, дык прыдумае. Прымаўка. // перан. Неспагадлівы, нячулы, раўнадушны. Жанчына жыла толькі .. [дзіцем], глухая да навакольнага. Карпаў.

2. Невыразны, нязвонкі, прыглушаны. Глухі голас. Глухія выбухі. □ Прызвычаенае вуха інжынера пачула.. глухі перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі. Лынькоў. // Які вымаўляецца без удзелу голасу (пра гукі). Глухі зычны. // перан. Затоены, невыразны. Між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Колас. Не патрэбна ні скарг, ні скрухі, ні глухіх нараканняў на лёс. Глебка.

3. Густы, цёмны, непраходны. Наўкол глухія хмызнякі — Сынок малы ад жалю плакаў, Калі ў піліпаўку ваўкі Заелі сёмага сабаку. Арочка.

4. Які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месц; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў. Глухая вёска. □ Калісьці гэткі цёмны і глухі, Мой родны кут, сягоння ты ў агнях. Смагаровіч. // Пустынны, бязлюдны. Глухі завулак. Глухая дарога.

5. перан. Такі, калі спыняецца рух, замірае жыццё; глыбокі, позні. Глухая поўнач. Глухая восень.

•••

Глухая крапіва гл. крапіва.

Глухая сцяна гл. сцяна.

Глухія дзверы гл. дзверы.

Глухое акно гл. акно.

Глухі як пень — зусім глухі.

глухме́нь, ‑і, ж.

Разм.

1. Глуш, глухамань. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас.

2. перан. Цішыня. У лесе глухмень. Ціха ў бары. Колас.