Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяззбро́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае зброі, няўзброены. [Рыль:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. // перан. Пазбаўлены якіх‑н. сродкаў абароны або нападу. Рудзін уяўляў, што вось перад ім бяззбройны стаіць Андрэй, а ён кідае яму ў вочы свае словы, і Андрэй маўчыць. Галавач.

бяззлу́чнікавы, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — звязаны ў сінтаксічнае цэлае без дапамогі злучнікаў. Бяззлучнікавы сказ. Бяззлучнікавая сувязь.

бяззме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які на працягу доўгага часу не змяняецца; пастаянны. Бязменны колер. // Пра чалавека, які працяглы час займае адну і тую ж пасаду. Бяззменны старшыня.

бяззо́рны, ‑ая, ‑ае.

На якім не відаць зор, з нябачнымі зоркамі. Бяззорнае неба. □ Стаяла бяззорная, па-асенняму цёмная ноч. Васілёнак.

бяззу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак, Д ‑бкам; ж.

Прэснаводны малюск сямейства перлавіц, цела якога захавана ў двухдольнай ракавіне.

бяззу́бы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае зубоў. Ад ... голасу [Васілёвай жонкі] прачнулася дзіця, закугакала, пацешна зморшчыўшы носік, раскрываючы ружовы бяззубы рот. Асіпенка. [Старая] смяялася бяззубым ротам, часта моргала вачамі і радасна ківала сівой галавой. Дуброўскі. // перан. Непрынцыповы, пазбаўлены вастрыні. Бяззубая крытыка.

бязла́ддзе, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.

бязла́дзіца, ‑ы, ж.

Тое, што і бязладдзе. І толькі абрыўкі слоў даходзілі да свядомасці ў поўнай бязладзіцы. Пестрак.

бязла́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязладнага; беспарадак. Бязладнасць гукаў. Бязладнасць у працы.

бязла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім няма ніякага парадку, ладу; хаатычны. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, іх да парэнчаў прыціскалі коннікі. Грахоўскі. Збіраў [Блешчык] думкі, якія разляталіся бязладныя роем. Лынькоў.

2. У якім няма пэўнай сістэмы, паслядоўнасці, рытму. Наколькі можна было зразумець яе [дырэктрысы] бязладны ад хвалявання расказ, Томі быў адвезены дахаты яшчэ раніцай нейкай жанчынай. Лынькоў. Паволі прыходзілі ў .. парадак дагэтуль неасэнсаваныя, бязладныя думкі. Пестрак. Няйначай, як у іх тут была вялікая бязладная гамонка Ці нейкі невядомы рытуал, кожны рабіў што хацеў. Скрыган.

3. Пазбаўлены пэўнай арганізаванасці, планамернасці. У зале пасяджэнняў Камітэта, які займаўся справамі каланіяльных краін, падапечных і залежных тэрыторый, панавала тая бязладная атмасфера, калі кожны быў заняты сваімі справамі. Лынькоў.