Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. белы.

бяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бяліць.

бяле́сы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і бялёсы. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас.

бяле́цца, ‑еецца; незак.

Разм. Тое, што і бялець (у 2 знач.). Апошняе праменне шпарка канала, запаноўваў змрок, але ў ім вельмі выразна бялеліся новыя бярвенні, устаўленыя ў старыя млынавыя сцены. Чорны.

бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.

2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.

бялёк, ‑лька, м.

Пакрытае доўгай і густой белай ці жаўтавата-белай поўсцю нованароджанае дзіцяня цюленя.

бялёсы, ‑ая, ‑ае.

Белаваты, цьмяна-белы. Сцяпанаў конь паспеў ужо навокал абгрызці ўсё бульбянішча, калі ў бялёсым тумане замаячыла чалавечая постаць. Карпюк. — Во, успомніў!.. — выгукнуў раптам дырэктар школы, Пятрэнка, малады, але ўжо таўставаты мужчына з бялёсымі, як лён, брывамі. Краўчанка.

бялі́зна, ‑ы, ж.

1. зб. Нацельнае адзенне з тканіны пераважна светлых колераў, а таксама вырабы з такой тканіны для бытавых патрэб. Нацельная бялізна. Сталовая бялізна. Пасцельная бялізна.

2. Драпежная рыба сямейства карпавых; жэрах.

бялі́знавы, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для бялізны. Бялізнавы трыкатаж.

бялі́лы, ‑аў; адз. няма.

1. Белая мінеральная фарба. Свінцовыя бялілы. Цынкавыя бялілы.

2. Белае фарбавальнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў тэатральным грыме і касметыцы.