бяз..., прыстаўка (гл. без...).
Ужываецца замест «без...» у першым складзе перад націскам, напрыклад: бязбожнік, бязводдзе, бяздонны, бязмежны.
бяз’..., прыстаўка (гл. без’...).
Ужываецца замест «без’...» у першым складзе перад націскам, напрыклад: бяз’ёдны.
бяза́драсны, ‑ая, ‑ае.
Не накіраваны на чый‑н. адрас, да каго‑н. канкрэтна (пра якую‑н. інфармацыю, крытычныя заўвагі і пад.). Бязадрасная крытыка.
бязба́цькавіч, ‑а, м.
Разм. Той, хто жыве, выхоўваецца без бацькі; сірата. [Параска:] — Сыночак ты мой харошы, цураецца цябе твой бацька. Бязбацькавічам будзеш расці... Лобан.
бязбо́жнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць веры ў бога, адмаўленне бога.
бязбо́жнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які не прызнае, адмаўляе бога, не верыць у яго існаванне; атэіст. Казалі, што.. [Ян] бязродны і бязбожнік. Не ходзіць у касцёл. Пестрак.
2. Уст., лаянк., пагард. Пра несумленнага, нахабнага чалавека. [Павал:] — Хоць ты і бацюшка, але я не пабаюся сказаць табе ў вочы — бязбожнік ты, мяцежнік. Чорны.
бязбо́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бязбожніка, бязбожніцтва. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. — Нешта бязбожніцкае, д’ябальскае, — гаварыла яна. Бядуля. Сталыя людзі наўперад з дакорам ківалі галовамі, калі прачувалі аб якой-небудзь бязбожніцкай штучцы таго ці іншага настаўніка. Колас.
бязбо́жніцтва, ‑а, н.
Крытычныя, скептычныя або адмоўныя адносіны да існавання бога; вальнадумства. Міколкаў бацька, калі надакучала маці яму сваімі жальбамі на сынава бязбожніцтва, звычайна агрызаўся. Лынькоў. Мікуціцкія гумны і адрынкі былі школамі бязбожніцтва і вальнадумства. Колас.
бязбо́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не прызнае бога; атэістычны. Гаспадар нашых душ [рэб Шмар’е] пільнаваў нас ад бязбожнай літаратуры. Бядуля.
2. Разм. Неймаверны, несумленны. Бязбожны лгун. □ Стахевіч ледзь не зарагатаў ад гэтай бязбожнай Косцікавай брахні. Паслядовіч.