Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ператвара́льнік, ‑а, м.

1. Прылада, устаноўка для ператварэння аднаго віду электрычнай энергіі ў другі або сонечнай энергіі ў электрычную. Ператваральнік току. Крэмніевы ператваральнік сонечнай энергіі.

2. Той, хто ператварае што‑н., пераўтваральнік. Наказ жыцця як дзеяння, а чалавека як ператваральніка жыцця, актыўнасць якога накіравана на перабудову свету, на перабудову самога чалавека, ляжыць у аснове метаду сацыялістычнага рэалізму. Арабей.

ператвара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ператварыцца.

2. Зал. да ператвараць.

ператвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ператварыць.

ператвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

1. Перайсці ў другі стан, набыць зусім іншы выгляд, форму; змяніцца якім‑н. чынам. — Гэтыя азёры зарастаюць, з цягам часу яны ператварацца ў суцэльныя балоты. В. Вольскі. На дарозе ўсюды вада, маленькія ручаіны ператварылася ў рэкі. С. Александровіч. Усе бачаць, як бусел.. раптам узляцеў угору і доўга лятаў, робячы ўсё большыя і большыя кругі, узнімаючыся вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў маленькую белую мецінку. Лынькоў. — Як ператварылася, як далёка пайшло наперад наша Палессе за гады савецкай улады! Краўчанка. // Набыць іншы змест, сэнс. Гэты невялікі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Стаць кім‑, чым‑н. для каго‑, чаго‑н. Былы камісар Міцька Векшын.. ператварыўся ў перашкоду на шляху рэвалюцыі. Адамовіч. Вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварылася ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.

2. Ажыццявіцца, набыць значэнне рэчаіснасці. Планы ператварыліся ў рэальнасць.

3. у каго-што. У казках, паданнях — змяніць свой твар, выгляд, перавярнуцца ў каго‑, што‑н. з дапамогай чараў.

•••

Ператварыцца ў слых — пачаць вельмі ўважліва слухаць што‑н., прыслухоўвацца да чаго‑н. Салаўёў прыслухоўваецца. Хлопцы і самі ўсе ператварыліся ў слых. Шахавец.

ператвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак.

1. што. Зрабіць з аднаго што‑н. другое, перавесці ў другі стан, надаць зусім іншы выгляд, змяніць якім‑н. чынам. Ператварыць край у квітнеючы сад. □ У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. Немцы ператварылі Мінск у руіны. Шкраба. // Змяніць змест, характар чаго‑н., надаць чаму‑н. іншы сэнс. Ператварыць справу ў забаўку. □ Бязрукія паказвалі сваё голае калецтва і енчылі, вымушаныя ператварыць свае няшчасці ў прафесію. Чорны. — А мы не ператворым чужы сакрэт у набытак для плеткароў? — парушыла маўчанне Таня. Машара.

2. што. Ажыццявіць на справе што‑н., увасобіць у чым‑н. пэўным, канкрэтным. Цяпер трэба рыхтавацца да паўстання, каб скінуць уладу буржуазіі і сілай зброі ўстанавіць Савецкую ўладу. Усё гэта зрабіць нялёгка, але магчыма. Трэба гэтую магчымасць ператварыць у сапраўднасць. Гурскі. Казкі ўсе ператварылі на сапраўднасць мы, на былі. Дубоўка.

3. у каго-што. У казках, паданнях — прымусіць змяніць свой твар, выгляд, перавярнуць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Чараўнік ператварыў чалавека ў дрэва.

ператварэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ператвараць — ператварыць.

ператво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ператварыць.

ператка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ператкаць.

ператка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; заг. ператчы; зак., што.

Выткаць, паткаць усё, многае.

ператкну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ператкнуць.