ператвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак.

1. што. Зрабіць з аднаго што‑н. другое, перавесці ў другі стан, надаць зусім іншы выгляд, змяніць якім‑н. чынам. Ператварыць край у квітнеючы сад. □ У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. Немцы ператварылі Мінск у руіны. Шкраба. // Змяніць змест, характар чаго‑н., надаць чаму‑н. іншы сэнс. Ператварыць справу ў забаўку. □ Бязрукія паказвалі сваё голае калецтва і енчылі, вымушаныя ператварыць свае няшчасці ў прафесію. Чорны. — А мы не ператворым чужы сакрэт у набытак для плеткароў? — парушыла маўчанне Таня. Машара.

2. што. Ажыццявіць на справе што‑н., увасобіць у чым‑н. пэўным, канкрэтным. Цяпер трэба рыхтавацца да паўстання, каб скінуць уладу буржуазіі і сілай зброі ўстанавіць Савецкую ўладу. Усё гэта зрабіць нялёгка, але магчыма. Трэба гэтую магчымасць ператварыць у сапраўднасць. Гурскі. Казкі ўсе ператварылі на сапраўднасць мы, на былі. Дубоўка.

3. у каго-што. У казках, паданнях — прымусіць змяніць свой твар, выгляд, перавярнуць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Чараўнік ператварыў чалавека ў дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)