Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ця́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Адрывіста брахаць (пра сабаку, шчаня, лісяня). Паранейшаму надакучліва цяўкаў злашчасны сабачка. Шамякін. [Лісяня] цяўкала, як сабака, і з выгляду амаль нічым не адрознівалася ад звычайнага шчанюка. Даніленка.

ця́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цяўкаць.

ця́ўнік, ‑у, м.

Абл. Тое, што і цяўе. Бабка Марыля порсценька прыкідала Ірку свежым цяўнікам. Васілевіч.

цяце́ра, ‑ы, ж.

Разм.

1. Цецярук. Цяцера прыляцела на чарніцы. Яна ў іх добра разумее смак. Дубоўка. Шумна цяцера ўзляцела, Крыкнула спуджана сойка. Танк.

2. Разм. груб. Някемлівы, няспрытны чалавек; разява. Снуюць яшчэ шаптухі розныя між нас І ухітраюцца на веру Злавіць цяцеру. Корбан.

•••

Глухая (чортава) цяцера (груб.) — абразлівы выраз, які ўжываецца ў адносінах да глухога чалавека.

цяце́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Самка цецерука. Цецерукі ўзляталі з зямлі вывадкамі: старая цяцерка і маладыя з ёй — штук пяць, а то і восем. Пташнікаў.

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

цяцю́шнік, ‑у, м.

Травяністая паўпаразітычная расліна сямейства залознікавых з белымі ці бледна-фіялетавымі кветкамі, якая прысмоктваецца каранямі да іншых травяністых раслін і часткова харчуецца за іх кошт.

цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.

1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Колас. У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту. Нікановіч. / у безас. ужыв. Са стрэх цякло.

2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч. Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі. Хадкевіч.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні. Сачанка.

4. перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла. Гілевіч. // Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей. Пестрак. Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой. Куляшоў. Спакойна цякло жыццё. Гурскі. // Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука. Караткевіч.

5. перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей. Гамолка. Цячэ праспект ракой шумлівай... Лойка.

6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі. Чорны. Ветры з поўдня на ўсход цякуць. Лявонны.

7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.

•••

Слінкі цякуць гл. слінкі.

Цёкам цячы — моцна цячы.

цячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. цячы (у 1–6 знач.).

2. Рух вады ў рацэ, а таксама вада, якая рухаецца. — Супраць цячэння не так лёгка плысці... — уздыхнуў Крыўдзін. Гурскі. Рака Волма амаль на ўсім сваім працягу мае хуткае цячэнне. «Беларусь». // Рух у пэўным напрамку масы вады ў морах, акіянах, а таксама сама вада ў морах, акіянах, якая рухаецца ў пэўным напрамку. Цёплае цячэнне. Марское цячэнне.

•••

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Плысці па цячэнню гл. плысці.