Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сапёр, ‑а, м.

Ваеннаслужачы сапёрных (інжынерна-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Зноўку ноч. Паўзуць сапёры, На ваду кладуць масты. А. Александровіч. Калі пачаліся баі на Хасане, .. [Мікола], сапёр, быў у страі, размініраваў японскія пазіцыі. Новікаў. Танкісты выглядвалі з люкаў і весела махалі... шлемамі сапёрам, што рамантавалі дарогу. Шамякін.

[Фр. sapeur ад saper — весці падкоп.]

сапёраў, ‑ава.

Разм. Які належыць сапёру. Тут заўважыла.. [цётка Ганна] злубянелы, рукаў сапёравай гімнасцёркі. Лынькоў.

сапёрны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сапёраў, належыць ім. Сапёрны лейтэнант завіхаўся.. ля шнуроў, што працягнуліся белымі ніткамі ў дэпо, да водаразборнай палонкі, да вадакачкі. Лынькоў. // Які складаецца з сапёраў. Сапёрны батальён. Сапёрная рота. □ Большасць.. [супрацоўнікаў] была на фронце — у інтэнданцтве і сапёрных часцях. Карпаў.

2. Які мае адносіны да ваенна-інжынерных работ, звязаны з імі. Сапёрныя работы. // Прызначаны для выканання ваенна-інжынерных работ. Сапёрны інструмент. □ Была б сякера ці хоць сапёрная рыдлёўка. [Дзмітрый] высек бы елачкі, што засланяюць святло. Беразняк. [Байцы] нічога не кінулі, не запіхнулі ў крапіву нават сапёрных лапатак. Дамашэвіч.

саплі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і якасць саплівага.

саплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа соплі. Саплівае дзіця. □ Пад рукі лез саплівы Франак. Лойка. // Выпацканы соплямі. Саплівая насоўка. // перан. Плаксівы, слязлівы. — Яшчэ адно слова! — пагрозна зашаптаў Тарыел. — Яшчэ адно слова, чортавыя вы, саплівыя бабы! Самуйлёнак.

2. перан. Пагард. Малы па гадах або вельмі малады, нявопытны. [Параска:] — Не перашкаджайце спаць, ухажоры саплівыя! Шамякін.

сапло́, ‑а, н.

Канал спецыяльнага профілю, прызначаны для разгону вадкасцей ці газаў да пэўнай скорасці і надавання патоку зададзенага кірунку. Аж задрыжала даль ад грому, Бушуе полымя з сапла, У вышыні над касмадромам — Палоска зыркага святла. Матэвушаў.

сапля́к, ‑а, м.

Разм.

1. Саплівае дзіця.

2. Пагард. Дзіця, малы. [Пецька:] — Даўлянуў бы, здаецца, ды шкада сапляка — малы, дурны... Масарэнка. // Вельмі малады, няўмелы, нявопытны чалавек; малакасос. [Андрэй:] — Зірнуў я гэта скоса на вартавога, ат, сапляк нейкі, ды яшчэ з ліхтаром чырвоным. Лынькоў.

сапля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да сапляк.

сапну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да сапці.

са́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сапу ​1. Сапнае захворванне. // Хворы на сап. [Рыбін:] — Банадзюк напаіў сапнага каня ў карыце ў Жарабках, чым заразіў калгасных коней. Пестрак.