перасе́к, ‑у, м.
Разм. Месца, дзе перасякаецца што‑н.; перасячэнне, перакрыжаванне. На перасеку .. вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Колас.
перасе́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перасяліць.
перасе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які перасядае, перарываецца ў горле. — Мы, Даша, пагаварылі тут... — пераселым голасам сказаў .. [Загурспі]. — Дакуль жа цягнуць. Асіпенка.
перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.
1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.
2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.
3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.
перасе́ў, ‑севу, м.
Дзеянне паводле дзеясл. перасяваць — перасеяць (у 1 знач.).
перасе́чанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць перасечанага (у 2 знач.). Перасечанасць рэльефу мясцовасці.
перасе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад перасячы.
2. у знач. прым. Няроўны, з узгоркамі, ярамі. Перасечаная мясцовасць.