Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цярні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Калючы; пакрыты шыпамі (пра хмызняк, кусты і пад.).

2. перан. Поўны цяжкасцей, пакут, нягод. Максім слухаў.. [Міколу] з напружанай увагай і ўяўляў сабе цярністы шлях, які за кароткі час давялося прайсці Клінцэвічу. Машара. У маім сэрцы — апавяданне аб цярністых дарогах адважных. Мехаў.

цярно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цёрну, зроблены з цёрну. Цярновы куст.

•••

Цярновы вянок гл. вянок.

цярно́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Наліўка з пладоў цёрну або цернаслівы.

цярно́ўнік, ‑у, м.

Тое, што і цёрн. Зараснікі цярноўніку.

цярну́цца, цярнуся, цярнешся, цярнецца; цярнёмся, церняцеся; зак.

Аднакр. да церціся (у 2 знач.).

цярну́ць, цярну, цярнеш, цярне; цярнём, церняце; зак.

Аднакр. да церці (у 1 знач.).

цярпе́нне, ‑я, н.

1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.

2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

•••

Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.

цярпе́цца, ‑піцца; безас. незак. (звычайна з адмоўем «не»).

Каму‑н. хапае цярпення, вытрымкі; у каго‑н. ёсць цярпенне, вытрымка. Кастусю асабліва не цярпелася. Бацька абяцаў прывезці яму сёння кнігу з вялікімі літарамі і малюнкамі. С. Александровіч. — Бабуля, а што піша тата? — не цярпелася даведацца хлопчыку. Пальчэўскі.

цярпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў. Колас. Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі! Танк. Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу. Рамановіч.

2. што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. □ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі. Крапіва. Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець? Лынькоў. // ад чаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. □ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя. Гавеман.

3. каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка. Сабаленка. — Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі]. «ЛіМ». // (звычайна з адмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік. Вітка. Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі. Якімовіч. // (звычайна з адмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах. Бярозкін.

4. што. Зносіць, перажываць якія‑н. непрыемнасці, непажаданыя з’явы. Цярпець няўдачу. Цярпець крах. // Зазнаваць змены. Цярпець змены.

•••

Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.

Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.

цярпі́масць, ‑і, ж.

Цярплівыя адносіны да чаго‑н.