цярпець, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў. Колас. Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі! Танк. Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу. Рамановіч.
2. што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. ▪ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі. Крапіва. Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець? Лынькоў. // ад чаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. ▪ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя. Гавеман.
3. каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка. Сабаленка. — Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі]. «ЛіМ». // (звычайна з адмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік. Вітка. Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі. Якімовіч. // (звычайна з адмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах. Бярозкін.
4. што. Зносіць, перажываць якія‑н. непрыемнасці, непажаданыя з’явы. Цярпець няўдачу. Цярпець крах. // Зазнаваць змены. Цярпець змены.
•••
Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.
Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.