Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перапле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце, ‑плятуць; пр. пераплёў, ‑пляла, ‑ло; заг. перапляці; зак., што.

1. Уставіць сшытыя лісты кнігі, сшытка і пад. у вокладкі і сашчапіць або склеіць іх. Пераплесці кнігу.

2. Злучыць сплятаючы. Дрэвы пераплялі свае галіны. // Сашчапіць (пальцы рук). // Пакрыць, апутаць сеткай чаго‑н. Кар[а]ні дрэў густа пераплялі.. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч.

3. Расплёўшы, заплесці, сплесці лепш, іначай. Пераплесці касу. Пераплесці кошык.

4. Сплесці ўсё, многае.

перапле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. пераплёўся, ‑плялася, ‑плялося; заг. перапляціся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся паміж сабой. Плюшч пераплёўся з хмелем. □ На.. [карце] у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Гамолка. Каля яліны расла вілаватая, галінастая бяроза, тоўстыя сукі якой перапляліся з яловымі лапкамі. Ляўданскі. // перан. Злучыцца, зліцца ў адно цэлае; перамяшацца. Многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляліся так шчыльна. Залескі. Беларусь была тым раёнам імперыі, дзе своеасабліва перапляліся між сабою класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці. «Полымя».

2. Разм. Заплесці сабе валасы ў косы нанава, іначай.

перапле́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераплесці.

пераплёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераплятаць — пераплесці (у 1 знач.).

2. Цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку і пад. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі.. у старых пераплётах. Пальчэўскі.

3. Рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін. Пераплёты аконных рам. □ Перастук колаў стаў гучнейшы, і здавалася ўжо, што ён водгуллем аддаецца ў жалезным пераплёце моста. Карпаў.

4. Разм. Што‑н. пераплеценае, утворанае спляценнем; перапляценне. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. На ім у зоры, пераплёты, — Мастацкай выдумкі разбег. Колас. / у перан. ужыв. Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блытаў Сёмкавы думкі. Гартны.

5. перан. Складанае, заблытанае, цяжкае становішча. У якія б пераплёты ні траплялі яго [Пятра Рунца] героі, іх заўсёды чакае шчаслівы канец. «Полымя».

пераплётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пераплёту (у 1 знач.). Пераплётная справа. // Які служыць, прызначаны для пераплёту (у 1, 2 знач.). Пераплётны цэх. Пераплётны кардон.

2. у знач. наз. пераплётная, ‑ай, ж. Майстэрня для пераплёту кніг.

пераплётчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца пераплётам кніг.

пераплётчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пераплётчык.

пераплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераплюнуць.

пераплыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераплываць — пераплысці, пераплыць.

пераплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераплысці, пераплыць.