пераплёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераплятаць — пераплесці (у 1 знач.).
2. Цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку і пад. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі.. у старых пераплётах. Пальчэўскі.
3. Рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін. Пераплёты аконных рам. □ Перастук колаў стаў гучнейшы, і здавалася ўжо, што ён водгуллем аддаецца ў жалезным пераплёце моста. Карпаў.
4. Разм. Што‑н. пераплеценае, утворанае спляценнем; перапляценне. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. На ім у зоры, пераплёты, — Мастацкай выдумкі разбег. Колас. / у перан. ужыв. Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блытаў Сёмкавы думкі. Гартны.
5. перан. Складанае, заблытанае, цяжкае становішча. У якія б пераплёты ні траплялі яго [Пятра Рунца] героі, іх заўсёды чакае шчаслівы канец. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)