Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брадзі́ць 1, браджу, бродзіш, бродзіць; незак.

1. Павольна, не прытрымліваючыся дарогі і пэўнага кірунку, хадзіць; блукаць. Міхалка брадзіў за Скуратовічавымі каровамі па пакошы і пожні ніў. Чорны. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку. Якімовіч. // Перамяшчаючыся, наведваць розныя месцы, пранікаць куды‑н. Бродзіць вецер шумлівы, стоногі, Белых зайцаў па моры пасе. Бядуля.

2. Рабіць, пракладваць брод (у 2 знач.).

брадзі́ць 2, бродзіць; незак.

Знаходзіцца ў стане браджэння (у 1 знач.). Сок вінаградны недзе ў бочках бродзіць. Рудкоўскі.

брадзя́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Тое, што і валацуга, бадзяга ​2. [Алесь:] — А то ты [Мікалай] сам брадзягаю жывеш, а пра іншых клапоцішся... Чорны. [Даніла:] — Марынка, чула ты брадзягу? Ой, абармот жа, абармот! Колас.

брадзя́жыць, ‑жыць; незак.

Тое, што і валачыцца, бадзяцца. [Барановіч:] — Жыве тут Мікалай Жыгунец. ..Дык ён.., як верабей пад страхою, жыў, па свеце цягаўся, брадзяжыў. Чорны.

брадзя́чы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пастаяннага месца жыхарства; пераходзіць з месца на месца; вандроўны. Тут [на захадзе ад былога Скуратовічавага хутара] і гонту рабілі, і цэглу. .. Былі і брадзячыя рамеснікі — краўцы, стальмахі. Чорны. // Звязаны з пастаяннай пераменай месца жыхарства, з пастаяннымі пераездамі. Брадзячае жыццё.

брадні́к, ‑а, м.

Рыбалоўная сетка для лоўлі рыбы на мелкаводных месцах. У гэтай азярыне тапталася з брадніком чарада жанчын. Колас. [Міхась:] — Я нядаўна быў на тым беразе з бацькам. Хадзілі брадніком рыбу лавіць. Якімовіч.

брадо́к, ‑дка, м.

Памянш. да брод (у 1 знач.); невялікі брод. Успомніў [Алесь], што трэба пераязджаць гразкі брадок, і пагнаў каня. Чарнышэвіч.

бра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Тое, што і брага (у 2 знач.). [Клаўдзя:] — Пасядзіце [Ігнат Андрэевіч] яшчэ, калі ласка... я вас бражкай пачастую, з мёдам... Шамякін.

бра́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да брагі.

бра́згалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Тое, што і бразготка.

бра́зганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бразгаць, а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры гэтым дзеянні.