Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бра́згат, ‑у, М ‑гаце, м.

Гук, які ўтвараецца металічнымі прадметамі пры ўдары адзін аб другі або аб што‑н. цвёрдае. Гаспадыня тым часам клала ў ляжанку сухія, тонкія паленцы, а бразгат скаварады сведчыў аб тым, што будзе пачастунак. Колас. [Антон] быў такі насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад ціхага бразгату сенечнай клямкі. Чорны.

бразгата́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бразгатаць, а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры гэтым дзеянні.

бразгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак., чым і без дап.

Дробна, часта бразгаць. Аркестр іграў факстрот, часта і гулка бухкаў барабан, звінелі і бразгаталі медныя талеркі. Хадкевіч. Недзе ў глыбіні саду бразгатаў ланцугом сабака. Лупсякоў.

бразгатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае многа бразгату.

бразгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; ‑ганіце; незак.

Тое, што і бразгатаць. Трук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі. Колас.

бра́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і бразгаць; стукацца. Бразгацца ў дзверы. □ [Лях:] — Садзіцеся на той канец, у нос. Тут я сам буду, — і ён пачаў бразгацца каля палка з ланцугом. Лобан.

бра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць кароткія звонкія гукі, удараючы чым‑н. па металічных, шкляных і інш. прадметах. За плячыма ў Даражкова была скрынка з інструментам; там бразгалі адно аб адно гаечныя ключы, балты, кастылі. Васілёнак. // чым. Рабіць, выклікаць шум, гукі ўдарамі металічных або шкляных і інш. прадметаў аб што‑н. Нехта ідзе да дзвярэй хаты Рудзінскіх і бразгае клямкаю. Скрыган. У кухні засталася адна маці — яна яшчэ доўга там бразгала посудам. Хадкевіч.

•••

Бразгаць зброяй — пагражаць вайною.

бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.

2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.

3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.

4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.

бразгу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які можа бразгатаць. Браў бубен я бразгучы, плоскі. Каб адагнаць і боль і страх, Я так лупіў, што адгалоскі Звіняць дагэтуль у вушах. Грачанікаў.

бразджа́ць, ‑джу, ‑джыш, ‑джыць; незак.

Тое, што і бразгатаць.