Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

браві́сіма, выкл.

Тое, што і брава, але ў больш моцнай ступені.

[Іт. bravissimo.]

браву́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бравурнага.

браву́рны, ‑ая, ‑ае.

Шумны, бадзёры, прыўзняты (пра музыку). Бравурная мелодыя не то марша, не то факстрота ўскалыхнула ўсіх. Лынькоў.

[Ад фр. bravoure — храбрасць, мужнасць.]

бра́вы, ‑ая, ‑ае.

Мужны з выгляду, маладзецкі; удалы. Нашы героі былі хлопцы бравыя і.. ўзброеныя. Якімовіч.

бравэ́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых саматканым сукном. Пракоп прыглядаецца, пазнае. ..Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас.

бра́га, ‑і, ДМ бразе, ж.

1. Рошчына з соладу, мукі і бульбы, з якой гоняць спірт. // Адходы пасля такой перагонкі ў выглядзе рэдкага цеста. Каля хлеўчука ў кутку грэўся на сонцы здаравенны вяпрук.., адкормлены брагай. Дуброўскі.

2. Пітво дамашняга вырабу з хмелем і цукрам; бражка. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас. [Шаблюк:] — Хадзем, я вас мядовай брагай пачастую. Шамякін.

браджэ́нне, ‑я, н.

1. Працэс распаду арганічных рэчываў, які адбываецца пад уплывам мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Спіртавое браджэнне.

2. перан. Хваляванне, узрушэнне, узбуджэнне. Браджэнне розумаў. Рэвалюцыйнае браджэнне.

брадзі́ла, н.

Тое, што выклікае браджэнне (у 1 знач.).

брадзі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да браджэння (у 1 знач.). Брадзільная вытворчасць. // Які служыць для браджэння. Брадзільны чан.

брадзі́льня, ‑і, ж.

Памяшканне на бровары, дзе ў спецыяльных брадзільных чанах адбываецца працэс браджэння.