Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

боўць, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў знач. дзеясл. боўтаць — боўтнуць і боўтацца — боўтнуцца. А тут Толя вадою знячэўку — як плюхне!.. Ты да яго, а ён — боўць, боўць рукамі і нагамі і паплыў. Брыль.

бо́хан, ‑а, м.

Выпечаны хлеб пераважна круглай формы. А з печы бохан вымеш — ён ружовы, Як жнівеньскага сонца дыск барвовы. Гаўрусёў. На выцягнутых руках Лукаш трымаў вышываны ручнік, а на ім — бохан хлеба. Сабаленка.

бо́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Моцна стукаць нагамі пры хадзьбе. [Рыбін] бохаў ботамі на ўсю шырыню крокаў і на павароце амаль што не збіў.. [Веру] з ног. Пестрак.

бо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да бохаць.

бо́цікі, ‑аў; адз. боцік, ‑а, м.

1. Памянш. да боты.

2. Від жаночага абутку. Волька пераабулася ў боцікі, апранула паліто, і.. [дзяўчаты] выйшлі з пакоя. Даніленка.

3. Тое, што і аканіт.

бо́цман, ‑а, м.

Званне малодшага (старшынскага) каманднага саставу на караблі. // Асоба, якая мае такое званне.

[Гал. bootsman — начальнік над матросамі.]

бо́цманскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да боцмана. Боцманскі свісток.

бо́чачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да бочка.

2. Невялікая бочка. Тады паднялася маснічына, і адтуль гаспадыня дастала пукатую бочачку. Ермаловіч.

бо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі. Пажарная бочка. □ У газеце .. [Малькевіча] назвалі «шашалем» за тое, што зводзіў калгасныя лясы на бочкі, цабэркі, ражкі і збываў гэты тавар тым жа калгасам па дарагой цане. Дуброўскі.

2. Руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 500 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы. Бочка аўса.

3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.

•••

Ад усіх бочак затычка гл. затычка.

Бочка з порахам — пра напружаныя адносіны паміж кім‑н., якія пагражаюць выліцца ў сутычку, вайну.

Бяздонная бочка — а) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе; б) пра таго, хто можа многа выпіць спіртнога і не ап’янець.

Нясе як з бочкі — моцна чуваць пах гарэлкі, віна ад чалавека, які выпіў.

Сорак бочак арыштантаў (нагаварыць) — шмат неверагодных гісторый расказаць.

Як у бочку (кашляць, гаварыць і пад.) — кашляць (гаварыць) глухім голасам, падобным на гук сказанага ў бочку.

Як у бочку (ліць) — многа піць і не п’янець.

Як у бочцы селядцоў гл. селядзец.

бо́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Які трымаецца ў бочках. Бочкавае піва.