Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бо́сы, ‑ая, ‑ае.

Неабуты, з голымі нагамі; басаногі. Босыя, паколатыя і падрапаныя пожняю ногі асцярожна ступаюць па гладкай, убітай, як ток, сцежцы. Мележ.

бот 1,

гл. боты.

бот 2, ‑а, М боце, м.

Невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна. Маторны бот. Рыбалоўны бот.

[Гал. boot.]

бо́ты, ‑аў; адз. бот, ‑а, М боце, м.

1. Абутак з высокімі халявамі (скураны, гумавы і пад.). [Ніна] зняла левы бот і з-пад халявы выняла невялікую паперку — запіску ад Тураўца. Мележ. На будоўлі кожны дзень з’яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах і ў цёплай хустцы. Грахоўскі.

•••

Боты-скараходы — у казках: чарадзейныя боты, якія хутка пераносяць на вялікія адлегласці таго, хто іх абуе.

Дурны як бот гл. дурны.

Лізаць боты каму гл. лізаць.

Пад ботам (быць, апынуцца) — апынуцца пад уладай, аказацца ў поўнай залежнасці ад каго‑н.

бо́ўдзіла, ‑а, н.

Разм. пагард. Пра чалавека разумова адсталага; недарэка. Стаю, як боўдзіла якое, не ведаючы, што казаць і што рабіць. Сабаленка.

бо́ўтанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Тое, што і баўтуха. [Цётка] сустрэла яго на парозе сянец з ражкай парасячай боўтанкі і ласкава папрасіла ў хату. Дуброўскі.

бо́ўтанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. боўтаць.

бо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі, вагацца (пра вадкасць у пасудзіне). Чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі. // Матляцца, целяпацца. Да зброі Антось меў нястрыманую цягу, ён ухітраўся разабраць і пачысціць вялізны рэвальвер, які звычайна боўтаўся ў драўлянай кабуры пры баку ў дзядзькі Міхала. Хадкевіч. На рамяні [у камандзіра] кольт боўтаецца. Лынькоў.

2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках; плюхацца. Мы ўсю ноч напралёт боўталіся ў рэчцы. Гурскі.

3. Шукаць што‑н. у якой‑н. вадкасці, страве лыжкай ці чым‑н. іншым. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі, сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

бо́ўтнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

1. Кінуцца, упасці ў ваду, нырнуць; плюхнуцца. Чуваць, як боўтнуўся бабёр Каля карчоў у раску. Бялевіч. Раптам нешта доўгае і чорнае шпарка слізганула.. і боўтнулася ў ваду. Ляўданскі.

2. чым. Разм. Боўтнуць (у 1 знач.). [Анісім] боўтнуўся лыжкай у місе баршчу і на гэтым загавеў. Сабаленка.

бо́ўтнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да боўтаць.

2. Тое, што і боўтнуцца (у 1 знач.); плюхнуць. Вунь боўтнула з разгону лягушка, аж пырскі дасталі да задзірыстага Паўлікавага носа. Даніленка.

3. Разм. Кінуць што‑н. у ваду. Па дарозе.. [Тварыцкі] боўтнуў аплецены дротам гаршчок у ваду. Чорны.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. недарэчы.