бразі́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Бразіліі, бразільцаў, які належыць, уласцівы ім.
бразі́льцы, ‑аў; адз. бразілец, ‑льца, м.; бразільянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. бразільянкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Бразіліі.
бра́знуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Моцна, з сілай упасці; грымнуцца, грукнуцца. Бразнуцца вобземлю.
бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.
2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.
3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.
бразь, выкл. у знач. вык.
Ужываецца ў знач. дзеясл. бразнуць, бразнуцца. А Марылька набрала кашы ды бразь лыжкай па лаве. Брыль.
брак, ‑у, м.
1. Недабраякасны тавар; прадметы вытворчасці, якія маюць тую ці іншую загану. [Лявон:] — Як жа так! Хіба можна Вырабляць сягоння брак? Корбан. // Загана, пашкоджанне, дэфект у чым‑н. Брак, нізкая якасць вырабаў, кім бы яны ні дапускаліся, заўсёды звязаны з непапраўнымі матэрыяльнымі і маральнымі выдаткамі. Машэраў. Адна з дэталей папярэдняй пліты была з бракам. Паслядовіч.
2. Разм. Нястача, адсутнасць, недахоп чаго‑н.
[Ням. Brack.]
бракава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. бракаваць (у 1 знач.).
бракава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад бракаваць.
2. у знач. прым. Які мае дэфекты. Бракаваныя вырабы.