Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бракава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да бакаваць (у 1 знач.).

бракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.

1. Прызнаваць што‑н. недабраякасным, заганным. Бракаваць тавар. // Адмаўляцца ад каго‑, чаго‑н., адвяргаць што‑н. [Маі:] — Ну дзякаваць і.. [Сяргею Пятровічу] і ўсім, што не бракуюць цябе [Касю]. Дубоўка.

2. безас. Неставаць, не хапаць; быць у недастатковай колькасці. Праўда, у.. [Аксёна Верамеевіча] бракавала ведаў, але Гаруноў амаль не заўважаў гэтага. Дуброўскі. [Лішчыкаву] патрэбен быў час на гаворку аб жыцці-быцці, а ў лётчыкаў на вайне часу бракавала. Алешка.

браканье́р, ‑а, м.

Той, хто займаецца браканьерствам. А браканьер пускае ў ход усе забароненыя прылады лоўлі і нават узрыўчатку. Вірня.

[Фр. braconnier.]

браканье́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да браканьера, да браканьерства. Браканьерскі спосаб палявання.

браканье́рства, ‑а, н.

Паляванне або лоўля рыбы ў недазволеным месцы, у забароненыя тэрміны або забароненымі спосабамі. Было і такое, калі нехта трахануў толам плёс на рэчцы, і ў рэдакцыю адной з газет паляцела пісьмо, што ў раёне няма барацьбы з браканьерствам. Паслядовіч.

браканье́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Займацца браканьерствам. У калгас на работу [Сенька] не пайшоў і наогул адмовіўся ад усякай работы, а выбраў сабе іншы занятак — пачаў на вачах браканьерыць на рэчцы і азёрах. Краўчанка.

бракаро́б, ‑а, м.

Той, хто дапускае брак у рабоце; нядобрасумленны работнік. — Мы, таварышы, гаварыла майстар цэха, — спаборнічаем за тое, каб наш, цэх стаў калектывам камуністычнай працы. Дык хіба мы можам цярпець бракаробаў у нашай сям’і? Сабаленка.

бракаро́бства, ‑а, н.

Недабраякасная работа, якая прыносіць брак (у 1 знач.). Пасля майстра цэха выступалі слесары, токары, але ніхто адкрыта не асудзіў выпадку бракаробства. Сабаленка.

бракаўшчы́к, ‑а, м.

Той, хто займаецца бракоўкай.

бракаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да бракаўшчык.