Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цямне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цёмны.

цямне́цца, ‑еецца; незак.

Тое, што і цямнець (у 2, 3 знач.). Ужо цямнелася, як Сілівон пакінуў пажарышча. Лынькоў.

цямне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.

2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.

3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.

цямні́ца, ‑ы, ж.

1. Месца зняволення, турма. І рухнуць апоры Фашысцкіх цямніц, Нявольнікі выйдуць Да ясных зарніц. Купала.

2. Цёмнае памяшканне, пазбаўленае святла; проціл. святліца. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Паставім прыгожых святліц. Колас.

цямні́ць, цямню, цемніш, цемніць; незак.

1. што. Рабіць цёмным або цямнейшым. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь. Лынькоў. // перан. Рабіць змрочным, хмурным. Але амаль кожны раз думкі [Хадоські] цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Мележ.

2. Разм. Гаварыць няясна, блытана; скажаць сэнс чаго‑н. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра.. Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. Шамякін.

цямно́,

У выразах: ад цямна да цямна — увесь дзень, ад рання да позняга вечара; ад відна (і) да цямна гл. відно ​2.

цямно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм. Тое, што і цемната. [Петрусёва маці:] — Якая пагода нецікавая і цямнота, сырасць... Гартны. [Сымон:] — Я хацеў бы ведаць ноты... Пашкадуй мае цямноты: Навучы, скінь з мяне ночку, Каб і я мог чытаць кнігі І па нотах граць, як пан! Колас. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

ця́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і цямлівы. Цямны хлопец. Цямная дзяўчынка.

цямо́чак, ‑чку, м.

У выразе: на цямочку — вельмі рана, на світанні. Устане гаспадыня ўзімку ўранні, яшчэ на цямочку, печ адслоніць, каб запаліць. Сачанка.

цямра́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Змрочны. Цямравы дзень. □ Дзе і падступішся, дык нічога цікавага не ўбачыш: у густой цямравай засені рачулка выглядала як бязладна кінуты кімсьці і затаптаны ў гразь паясок. Кірэенка.