Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ураўно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ураўнаваць.

ураўня́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Імкненне ўраўнаваць усіх людзей у якіх‑н. правах. Ураўняльнасць землекарыстання.

ураўня́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які служыць для ўраўнавання чаго‑н. (велічыні, сілы і пад.). Ураўняльны прыбор.

2. Роўны, аднолькавы для ўсіх, многіх. Ураўняльны тарыф.

ура́ч, ‑а, м.

Асоба з вышэйшай медыцынскай адукацыяй; доктар. Зубны урач. Санітарны урач. Урач-тэрапеўт. Участковы урач. Галоўны урач санаторыя.

урачы́, ураку, урачэш, урачэ; урачом, урачаце, уракуць; пр. урок, уракла, ‑ло; заг. урачы; зак., каго-што і без дап.

Паводле забабонных уяўленняў — пашкодзіць каму‑, чаму‑н. благім вокам; прынесці няшчасце, хваробу. Хавала [маці] ўсё ад вачэй тваіх сініх, Баялася Усё — каб хаця ты не урок. Тармола. // Разм. Пахваламі, прадказаннем чаго‑н. добрага паклікаць дрэннае. — Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людскасць, самавітасць. Гартны.

урачы́ста, прысл.

1. Прысл. да урачыста.

2. безас. у знач. вык. Пра стан урачыстасці дзе‑н. На вуліцах пасвятлела, стала нават урачыста. Даніленка.

урачы́стасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць урачыстага. Песня скончылася. Але ўрачыстасць настрою не згасла. Дуброўскі.

2. Святкаванне якой‑н. выдатнай падзеі, юбілейнай даты і пад. Сямейная ўрачыстасць. □ Плошча Леніна. Як і заўсёды ў дні ўрачыстасцей, тут сёння асабліва людна. «Звязда». Спраўляе сёння Край наш урачыстасць. Палае сцяг, Чуваць мільённы крок. Хведаровіч. У клубе Банжын бываў рэдка, толькі хіба на ўрачыстасцях, калі мог сустрэць сяброў і знаёмых свайго ўзросту. Шыцік. // Знамянальная, хвалюючая падзея. З той паездкі Заранік нічога не напісаў, акрамя невялікай заметкі-справаздачы аб урачыстасці ў МТС з поваду ўручэння пераходнага Чырвонага сцяга. Хадкевіч.

3. Урачыстыя абставіны. Краўчанка адчуў подых прагнай увагі і, сам не прыкмеціўшы гэтага, паддаўся ўладзе.. тэатральнай урачыстасці. Мікуліч.

4. Стан прыўзнятасці, натхнення, захаплення. Дзіўны настрой апанаваў Сяргея: у душы расла радасць, нейкая ўрачыстасць. Шамякін. Маладым, звонкім голасам гаварыў камсамольскі сакратар кожнае з гэтых слоў, і адчуванне ўрачыстасці захапляла людзей усё больш і больш. Кавалёў. // Хараство ў прыродзе, узвышанасць. Вы паглядзіце — што за ноч, Якая ўрачыстасць! Глебка.

урачы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да урачыстасці (у 2 знач.), звязаны з урачыстасцямі; святочны. Урачысты дзень. Урачысты нарад войск. Урачыстае шэсце. Урачыстае пасяджэнне Мінскага Савета народных дэпутатаў.

2. Важны, знамянальны. Нібы шануючы ўрачыстую хвіліну развітання, людзі пайшлі маўклівыя, засяроджаныя. Лынькоў.

3. Які вызначаецца велічнасцю, выклікае ўзвышаныя пачуцці. Дзесьці заспявалі ў начы званы. Урачыстыя і трывожныя плылі галасы іхнія. Галавач. Адразу за агародам бор, гонкія ўрачыстыя сосны. Навуменка. Колькі ўрачыстага хараства тоіць ціхая летняя ноч! Дуброўскі. // Прыўзняты, патэтычны. Карніцкі пацалаваўся з дзецьмі, прамовіў ўрачыстым голасам: — Абвяшчаецца пасадка на самалёт «Партызанскі край — Вялікая зямля». Паслядовіч. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; стрыманы, строгі. Сход пачаўся а сёмай гадзіне. Нашы ўсе прыйшлі нейкія ўрачыстыя, апранутыя ў найлепшае адзенне. Сабаленка. Быў.. [начальнік цэха] урачысты, падцягнуты і крыху бледны. Карпаў.

4. Надзвычай сур’ёзны па сваёй важнасці, па свайму зместу. Урачыстая клятва. Урачыстае абяцанне. □ Запанавала напружаная цішыня, якую парушалі толькі ўрачыстыя словы прысягі. Сіняўскі.

урачы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жанчына-ўрач.

урачэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з дзейнасцю ўрача; медыцынскі. Урачэбны ўчастак. Урачэбны пункт. Урачэбны нагляд. Урачэбны камісія.