Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перамары́ць, ‑мару, ‑морыш, ‑морыць; зак., каго.

1. Замарыць, знішчыць усіх, многіх. Перамарыць голадам. Перамарыць усіх мышэй.

2. Празмерна знясіліць. Перамарыць каня.

перамасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.

Вымасціць нанава, яшчэ раз, іначай. Перамасціць вуліцу.

перамата́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераматаць.

перамата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Наматаць на што‑н. другое. Пераматаць ніткі на клубок. Пераматаць кінастужку. // Наматаць, абматаць нанава, іначай. Пераматаць анучы.

2. Перавіць, перавязаць. Пераматаць пасылку шпагатам. □ Замест заставак бацька перамагаў гадок [калёс] повадам. Баранавых.

3. Зматаць, абматаць усё, многае. Пераматаць ніткі. Пераматаць трансфарматары. Пераматаць пакункі.

перамаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да перамовіцца.

перамаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і без дап.

Разм. Моўчкі знесці які‑н. папрок, не адказаць, не адазвацца на што‑н.; змоўчаць, прамаўчаць. Глушак цярпліва перамаўчаў. Паказаў, што чуе сябе вінаватым. Мележ.

перама́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да перамахнуцца (у 1 знач.).

перамахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Махнуць адзін другому з якой‑н. мэтай.

2. Тое, што і перамахнуць. Хлапец ускочыў на паркан, перамахнуўся на той бок і пайшоў паволі змрочнаю вуліцай. Чорны.

перамахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што і цераз што. Пераскочыць цераз што‑н. Перамахнуць цераз плот. □ — Давай пабяжым! На вуліцы страляць не будуць! Перамахнём агароджу, скочым у кусты і — уратаваныя! — прапанаваў я. Карпюк. // З ходу пераправіцца, перабрацца на процілеглы бок чаго‑н. Перамахнуць цераз раку. Перамахнуць галопам узгорак.

2. Хутка перайсці, пераехаць куды‑н. Перамахнуць у другі горад.

перама́цаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перамацаць.